На гандлёвы цэнтр “Трыніці” ў Гародні пакуль няма сродкаў



Будаўніцтва аднаго з самых буйных гандлёвых цэнтраў у Беларусі пакуль затрымліваецца. Гаворка ідзе пра цэнтр “Трыніці”, які мае размясціцца ў Гародні на перасячэнні праспектаў Кляцкова і Янкі Купалы.

trinity_grodno_project

Папярэдні кантракт на будаўніцтва падпісалі сёлета акцыянерныя таварыства Unibep SA з Бельска Падляшскага і “Трыніці Інвест” з Гародні. Чакалася, што ўлетку будзе атрыманы крэдыт у польскіх банках на выгадных умовах, але гэты працэс зацягнуўся – кажа старшыня Савету дырэктароў бельскага прадпрыемства Ян Мікалушка:

Мы ідзем у добрым напрамку. Пошук мільёнаў еўра, бо мы гаворым пра вялізны крэдыт, гэта не простая задача. Але паступова мы прасоўваемся. Магу неафіцыйна сказаць, што ўжо ўзгодненыя ўмовы крэдытавання, і спадзяюся, што ў бліжэйшыя месяцы ўсе гэтыя камітэты па чарзе закрыюць справу крэдыту.

DSC01620

РР: Так разумею, што вы не пачнеце будаўніцтва, пакуль усе дакументы на атрыманне крэдыту не будуць аформленыя канчаткова?

Мы так дамовіліся з інвестарам, што галоўная справа – гэта канчатковае вырашэнне пытання крэдытавання. Зразумела, што вельмі вялікая рызыка – пачынаць будаўніцтва да атрымання грошай. Але я ўпэўнены, я вялікі аптыміст пасля перамоваў апошніх тыдняў, што мы будзем будаваць у Гародні.

Сума крэдыту складае прыблізна 70 мільёнаў еўра. Цэнтр “Трыніці”, паводле праекту, сваімі плошчамі зойме больш за 60 тысяч квадратных метраў.

Адзначым, што бельскае прадпрыемства Unibep SA – гэта адзіная польская фірма, якая сёлета атрымала пяцігадовую ліцэнзію на будаўніцтва і генеральнае выкананне на тэрыторыі Беларусі. Прадпрыемства ўжо мае досвед працы ў нашай краіне, бо ў мінулым годзе да чэмпіянату свету па хакеі пабудавала чатырохзоркавы гатэль Victoria у Менску.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота праекту  triniti-grodno.by