На Гарадзеншчыне аптымізацыя персаналу вядзе да беспрацоўя



На працягу двух гадоў у выніку аптымізацыі колькасці персаналу больш як на 1000 чалавек скараціўся штат гарадзенскага прадпрыемства „Хімвалакно”.

2013-07-16_151332

Аналагічная сітуацыя назіраецца і на іншых прамысловых прадпрыемствах Прынёманскага рэгіёна, асабліва машынабудаўнічай галіны і металаапрацоўкі.

Такія захады адміністрацыі заводаў і фабрыкаў накіраваныя перадусім на стабілізацыю фінансавага становішча прадпрыемстваў. У той жа час непапулярныя дзеянні прывялі да істотнага павелічэння колькасці беспрацоўных – толькі ў Гародні з пачатку года лічба павялічылася ўдвая.

На думку старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука дзяржава замоўчвае складаную сітуацыю ў эканоміцы і хавае ад грамадства рэальныя памеры беспрацоўя:

– Афіцыйная статыстыка сведчыць пра тое, што ў краіне толькі 1% беспрацоўных. Фантастычная лічба таму, што ніводная краіна ў сваім развіцці ніколі не мела і не можа мець такога беспрацоўя. Сапраўдная лічба 7-8%.

Адной з галоўных прычын істотнага павелічэння беспрацоўя на Гарадзеншчыне сталі кароткатэрміновыя кантракты, працягванне якіх з’яўляецца прэрагатывай наймальнікаў. Кіраўнікі прадпрыемстваў у складанай эканамічнай сітуацыі зазвычай не скарачаюць персанал з абавязковымі трохмесячнымі выплатамі, а як правіла не працягваюць дзеянне кароткатэрміновых кантрактаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота s13.ru