На Гарадзеншчыне з’явіцца новы завод бытавой хіміі



У ліпені-жніўні група кампаній „Ромакс”, якая валодае сеткай дыскаўнтараў бытавой хіміі і касметыкі „Востраў чысціні”, мае намер запусціць новую вытворчасць парашкоў, вадкіх мыйных сродкаў і сродкаў гігіены, у якую будзе інвеставана каля мільёна долараў, гаворыцца ў паведамленні групы кампаній.

„На гэты момант мы бачым магчымасць замясціць некаторыя віды імпартнай прадукцыі, якія прысутнічаюць на беларускім рынку, якаснымі аналагамі, якія найбольш задавальняюць попыт. Менавіта для гэтага мы ствараем новую вытворчасць, аналагаў якой у Беларусі яшчэ няма”, — растлумачыў „Ромакс” рашэнне аб стварэнні новай вытворчасці.

Новы завод будзе размяшчацца на вытворчай базе групы кампаній у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Там плануецца выпускаць штомесяц 2 тыс. тон прадукцыі, на заводзе будуць працаўладкаваны 70 спецыялістаў.

Фінансуецца гэты праект за кошт уласных рэсурсаў групы кампаній, інвестыцый замежнага партнёра, а таксама сродкаў ад размяшчэння аблігацый.

Кампаніі „Фабрыка „Ромакс” і „Вытворчая кампанія „Ромакс” ужо эмітавалі чатыры выпускі аблігацый. На гэты момант размяшчаецца адзін выпуск вытворчай кампаніі „Ромакс” сумарным аб’ёмам 1,7 млн долараў пад 8% гадавых.

Згодна з бізнес-планам чысты прыбытак ТАА „Фабрыка „Ромакс” у 2017 годзе павінен скласці 3,1 млн рублёў (на 41,2% больш у параўнанні з 2016-м). У той жа час чысты прыбытак вытворчай кампаніі „Ромакс” чакаецца на ўзроўні 2,6 млн рублёў (на 17,6% больш у параўнанні з 2016 годам).

Група кампаній „Ромакс” працуе ў Беларусі з 1998 года. У групу кампаній уваходзяць фабрыка „Ромакс” (вытворца парфумерна-касметычнай прадукцыі, туалетнай паперы, ручнікоў, смеццевых пакетаў), гандлёвая кампанія „Ромакс” (імпарцёр парфумерна-касметычнай прадукцыі, бытавой хіміі, тавараў гаспадарча-бытавога прызначэння), „ЗападХімТорг” (сетка дыскаўнтараў бытавой хіміі і касметыкі „Востраў чысціні”), а таксама вытворчая кампанія „Ромакс” (транспартна-экспедыцыйная арганізацыя).

БелаПАН