На мяжы банкруцтва прадпрыемствы абутковай галіны Прынёмання



Гарадзенская і Лідская абутковыя фабрыкі знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы ў сувязі з незапатрабаванасцю прадукцыі, якая не карыстаецца попытам у насельніцтва і назапашваецца на складах прадпрыемстваў.

На думку прадстаўніка Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці па Гарадзенскай вобласці Васіля Корабава, падобная сітуацыя назіраецца на дзесятках заводаў і фабрыкаў рэгіёна:

 – Трэба вырабляць тое, што можна прадаць, а не тое, што можна зрабіць і пакласці на склад. Цалкам змяняць структуру вытворчасці, выпускаць канкурэнтназдольную прадукцыю, якая павінна мець попыт не толькі на рынках Расеі і краін СНД, але і краін Захаду. 

Улады Гарадзеншчыны бачаць выйсце са складанай сітуацыі ў далучэнні прадпрыемстваў абутковай галіны да буйных айчынных сетак – такіх прыкладам як “Марко”.

Аднак паспяховыя абутковыя фабрыкі не маюць жадання аб’ядноўвацца з прадпрыемствамі – банкротамі, якія знаходзяцца на дзяржаўных датацыях і маюць шматмільярдныя запазычанасці перад банкамі.

Беларускае Радыё Рацыя