Яўгена Баскіна выпусцілі пад хатні арышт пасля тыдня ў КДБ



У аўторак пад хатні арышт пасля тыдня ў СІЗА КДБ выйшаў Яўген Баскін, генеральны дырэктар і асноўны ўладальнік групы кампаній «Сервалюкс», найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы мяса птушкі. Яўген Баскін – шосты нумар у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі. Паводле інфармацыі суразмоўцаў TUT.BY, Баскін кампенсаваў прад’яўленую яму суму шкоды.

evgeniy_baskin

Старшыня КДБ Валерый Вакульчык 15 сакавіка паведаміў пра затрыманне 15 службовых асобаў «Сервалюкс». „Шкода ад іх супрацьпраўнай дзейнасці – не менш за 370 млрд рублёў», – заяўляў Вакульчык.

У канцы мінулага года ў Беларусі крымінальныя справы былі пачатыя ў дачыненні да дзвюх буйных структур, якія займаліся, як і Баскін, вытворчасцю кармоў і імпартам кармавых дабавак, – «Біякома» „сенатара” Андрэя Паўлоўскага і «Консула» братоў Гільманаў і Віктара Раўкова. Яны абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паводле інфармацыі крыніц, Раўкоў таксама ўжо выйшаў на волю.

Акрамя таго, працягваецца суд над экс-дырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі „сенатарам” Ганнай Шарэйкай. Пасля яе затрымання Баскіна падазравалі ў ліквідацыі канкурэнтаў, але сур’ёзных аргументаў на карысць гэтай здагадкі не было. Сам Баскін заяўляў, што тэзіс аб «ліквідацыі» канкурэнта «выглядае недарэчна і абсурдна”.