Нацбанк „не чакае шокаў” для беларускага рубля да канца года



Нацыянальны банк не чакае шокаў для беларускага рубля да канца года, заявіў журналістам старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур на 13-м міжнародным форуме па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях „БанкІТ”, што адкрыўся 19 кастрычніка ў Менску.

Павел Калаур

Фота sputnik.by

„Нейкіх тэндэнцый, якія б негатыўна ўздзейнічалі на плацежны баланс краіны, цяпер няма. Таму мы не чакаем да канца года якіх-небудзь шокаў, якія паўплывалі б на дынаміку абменнага курсу беларускага рубля”, — сказаў Калаур.

Паводле яго слоў, Нацыянальны банк і банкаўская супольнасць у цэлым імкнуцца прагназаваць магчымыя рызыкі. „Калі мы з урадам пралічвалі сітуацыю да канца гэтага года, мы безумоўна ўсе гэтыя рызыкі ўлічвалі — і перамоўны працэс па расійскім газе, і перамовы з міжнароднымі арганізацыямі. Таму тое, што мы разам з урадам прагназавалі да канца гэтага года і на наступны год, — гэта сфармаванае ўжо з улікам тых рызык, якія могуць матэрыялізавацца”, — адзначыў кіраўнік Нацбанка.

Калаур падкрэсліў, што такі сцэнарны падыход з улікам магчымых рызык дазваляе атрымліваць вынік „без шокаў і ўзрушэнняў”.

За дзевяць месяцаў 2016 года афіцыйны курс даляра ЗША павялічыўся на 3,74% (з 1,8569 да 1,9264 рубля), пры гэтым у студзені—лютым рост склаў 15,69% (да 2,1482).

belapan.by