Нацбанк павялічвае долю расейскага рубля ў кошыку замежных валют



Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне пра змену структуры валютнага кошыка: 1 лістапада 2016 года доля расейскага рубля вырасце да 50%, даляра ЗША і еўра — саставіць да 30 і 20% адпаведна.

Расейскі рубель

Як паведамляе сайт Нацбанка, такое рашэнне „прынятае ў межах стратэгіі паэтапнага збліжэння ўдзельнай вагі расейскага рубля ў кошыку замежных валют і долі Расейскай Федэрацыі ў знешнегандлёвым абароце Рэспублікі Беларусь, якая складае прыблізна 50%”.

„Пры вызначэнні удзельнай вагі даляра ЗША і еўра ўлічваліся суадносіны аб’ёму таргоў названымі валютамі на ААТ „Беларуская валютна-фондавая біржа”, паводле вынікаў якіх устанаўліваецца афіцыйны абменны курс, і доля краін ЕЗ у знешнегандлёвым абароце Рэспублікі Беларусь, — адзначае рэгулятар.

У гэты час Нацбанк выкарыстоўвае ў курсаўтварэнні механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля складае 40%, а долі даляра ЗША і еўра — 30% кожная.

Выкарыстанне такога механізму было адноўленае 9 студзеня 2015 года. Пры гэтым у структуры кошыка доля расейскага рубля была павялічаная да 40%, а еўра і даляра ЗША — зніжаная да 30% кожная. Тады ж было заяўлена, што ўвядзенне такога механізму курсаўтварэння дазволіць больш эфектыўна кіраваць курсам нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют, якія маюць асноўнае значэнне для знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі, і павысіць устойлівасць беларускай эканомікі да ўздзеяння знешніх фактараў.

Адзначалася, што ваганні курсу беларускага рубля ў адносінах да кожнай з валют (даляр ЗША, еўра і расійскі рубель) будуць складвацца як за кошт змены кошту кошыка пад уплывам попыту і прапановы валюты падчас біржавых таргоў, так і за кошт узаемных зменаў крос-курсаў гэтых замежных валют. Пры гэтым змены абменнага курса могуць быць як у адзін, так і ў другі бок.

Кошт кошыка валют разлічваецца як сярэдняе геаметрычнае ўзважанае двухбаковых курсаў беларускага рубля да даляра ЗША, еўра, расейскага рубля за адзінку замежнай валюты.

Як паведамлялася раней, згодна з базавым сцэнарыем уладаў даляр у канцы 2017 года будзе каштаваць 2,2 беларускага рубля. Базавы сцэнарый грунтуецца на тым, што сярэдняя цана нафты на сусветным рынку ў 2017 годзе складзе 35 даляраў за бараль, а сярэднегадавы курс у Расеі складзецца на ўзроўні 75 расейскіх рублёў за даляр. У гэтым выпадку, мяркуюць эканамічныя ўлады Беларусі, курс даляра ў канцы 2017 года можа скласці 2 рублі 21 капейку.

Эксперты адзначаюць, што на дынаміку абменнага курсу беларускага рубля ў 2017 годзе будуць уплываць шэраг экзагенных фактараў, таму яго дакладнае значэнне блізу канца наступнага года прадказаць немагчыма. „Выключна з-за знешніх прычын, якія ніяк не залежаць ад Беларусі, курс даляра да канца 2017 года можа знаходзіцца ў досыць шырокім дыяпазоне”, — сказаў старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб 27 кастрычніка ў межах прэзентацыі сітуацыі на валютным рынку, якая адбылася падчас выставы фінансавых паслуг „МанiФэст” у Менску.

Ён звярнуў увагу, што ў наяўных умовах курс беларускага рубля залежыць ад сітуацыі на валютным рынку Расеі, на стан якога ўплываюць сусветныя цэны на нафту. „Калі кошт нафты на сусветным рынку не перавысіць 53 даляры за бараль, а такі сцэнарый бачыцца сёння найбольш верагодным, даляр у Расеі будзе каштаваць у 2017 годзе 61—66 рублёў”, — выказаў меркаванне Іосуб.

У Беларусі, дадаў ён, кошт кошыка валют у 2017-м, як і ў гэтым годзе, вырасце на ўзровень інфляцыі. „З улікам таго, што сёлета кошт кошыка валют вырасце прыкладна на 12%, а ў наступным годзе, як і інфляцыя, на 9%, можна меркаваць, што пры нязменнасці знешніх умоў абменны курс у пачатку 2017 года складзе 2 рублі за даляр, а ў канцы — 2,2 рубля”, — адзначыў Іосуб.

belapan.by