Нацбанк выключыў з абарачэння амаль 95% купюр старога ўзору



Нацыянальны банк Беларусі выключыў з абарачэння амаль 95 працэнтаў купюр старога ўзору ад сумы наяўных грошай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

У Нацбанку растлумачылі, што на 1 снежня з абарачэння выключана амаль 95 працэнтаў ад сумы і 54 працэнты ад колькасці банкнотаў узору 2000 года, якія знаходзяцца па-за касамі Нацыянальнага банка на 1 ліпеня 2016 года. Пры гэтым банкноты буйных наміналаў (Br50 тыс., Br100 тыс. і Br200 тыс.) выключаны практычна поўнасцю (99,4 працэнта), а банкнотаў дробных і сярэдніх наміналаў (Br100, Br500 і Br1 тыс.) выключана ўсяго 30 працэнтаў.

Тэрмін паралельнага абарачэння банкнотаў узору 2000 і 2009 года завяршаецца 31 снежня.

Рашэнне аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі з 1 ліпеня 2016 года было замацавана ўказам ад 4 лістапада 2015 года нумар 450. Дэнамінацыя праведзена шляхам замены існуючых у абарачэнні банкнотаў узору 2000 года на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 і 1 беларускі рубель.

БЕЛТА