Няпоўны працоўны тыдзень – ужо норма?



Няпоўны працоўны тыдзень становіцца нормай на прадпрыемствах Берасцейшчыны. Аднак у такой з’яве немагчыма адсачыць парушэнне правоў працоўных, паколькі працадаўца дзейнічае ў межах беларускага заканадаўства. У гэтым упэўнены юрыст незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысовасці Уладзімір Малей. Па трохі чатырохдзённаму графіку ў тыдзень працуюць на «Колератроне», «Белкельме», «Берасцейскім панчошным камбінаце», «Дыванах Брэста» і іншых, паведаміў спецыяліст:

Гэта называецца зменай істотных умоў працы, пра якія наймальнік павінен папярэдзіць. Паводле дэкрэта №5 – гэта 7-дзённы тэрмін, а паводле Працоўнага кодэкса – гэта месяц. Працадаўца інфармуе, такім чынам, працаўніка, што той будзе працаваць тры ці чатыры дні. А ў выпадку нязгоды з новымі ўмовамі працы – звальненне паводле пункта 2 артыкула 35 Працоўнага кодэкса.

Як адзначыў праваабаронца, у такой сітуацыі ёсць некалькі рашэнняў: прыняць умовы працадаўцы і працаваць няпоўны тыдзень, аб’ядноўвацца на прадпрыемствах і бараніць свае правы ці арганізоўваць забастоўкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце