Пачаў працу форум-выстава дзелавых кантактаў «Брэст 2016»



Першы міжнародны форум-выстава дзелавых кантактаў пачаў сваю працу ў Берасці. У праграме – кантактна-кааперацыйная біржа паміж беларускімі і замежнымі прадпрыемствамі, азнаямленне ўдзельнікаў з экспазіцыяй прадукцыі, наведванне замежнымі дэлегацыямі інфраструктуры і прадпрыемстваў Свабоднай Эканамічнай зоны Берасце і наведванне турыстычных аб’ектаў. Адзін з галоўных арганізатараў мерапрыемства, намеснік генеральнага дырэктара берасцейскага аддзялення гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Целяжынскі распавёў пра асноўныя мэты сустрэчы:

– Мэты ў нас наступныя – першае, гэта паказаць інвестыцыйную і эканамічную прывабнасць нашай вобласці. Паказаць, чаго вартыя нашыя прадпрыемствы – не толькі ў вырабе прадукцыі, але і ў прадстаўленні паслуг. Асноўная мэта форума – гэта заключэнне новых пагадненняў, дамоваў, кантрактаў, гэта прыцягненне інвестыцый у нашую вобласць.

Форум-выстава адбываецца цягам 21 і 22 красавіка ў Берасці. Заўтра, 22 красавіка, удзельнікаў чакае правядзенне пленарнага паседжання „Берасцейшчына – стартавая пляцоўка для паспяховага бізнэсу і выгаднага інвеставання”, паседжанне некалькіх секцый і прыём у кіраўніцтва горада.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота brestcity.com