Пад Менскам плануюць пабудаваць завод па спальванні адходаў



У межах галіновай модульнай стратэгіі абыходжання з камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі да 2035 года ў Менскім раёне плануюць стварыць завод па спальванні смецця, паведаміў журналістам 15 сакавіка ў Менску начальнік упраўлення ДУ „Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Анатоль Шагун.

Паводле яго слоў, неабходнасць такога прадпрыемства ў сталічным рэгіёне абумоўленая тым, што тут сканцэнтравана 20% насельніцтва краіны, а магчымасць свабоднага захавання вялікай колькасці адходаў (да 1 млн тон у год) абмежаваная.

„Магчымасць будаўніцтва новага палігона для горада замест існых — пытанне вельмі праблемнае, а размяшчэнне яго на значнай адлегласці ад сталіцы істотна павялічыць выдаткі на перавозку і захаванне адходаў, — адзначыў Шагун. — Таму, згодна з вопытам краін Еўрасаюза, у такой сітуацыі тыпавое рашэнне — будаўніцтва завода па спальванні адходаў”.

Паводле слоў спецыяліста, перавагі такога праекта значныя. Гэта, па-першае, скарачэнне аб’ёмаў захавання адходаў; па-другое, прадпрыемства забяспечвае выпрацоўку цеплавой электраэнергіі, якая ва ўмовах буйнога горада мае пэўны рынак збыту.

„Мы выдатна разумеем, што такі аб’ект дарагі і рэалізаваць яго за кошт бюджэтных сродкаў даволі праблематычна, — сказаў Шагун. — Распрацоўшчыкі стратэгіі прапанавалі варыянт прыцягнення замежнага інвестара, магчыма, з беларускім удзелам, на конкурснай аснове”.

Папярэднія разлікі, паводле яго слоў, паказваюць, што праект „пры пэўных умовах будзе цікавы інвестарам”. Аднак для таго каб праект працаваў і была ўпэўненасць у яго экалагічнай бяспецы, у першую чаргу неабходна прыняць або абнавіць патрабаванні да выкідаў падобных аб’ектаў у Беларусі ці нават ўсталяваць для іх спецыяльныя патрабаванні. Шагун паведаміў, што патрабаванні адносна выкідаў, якія дзейнічаюць сёння ў краіне, адпавядаюць еўрапейскім, таму вялікай небяспекі ў стварэнні прадпрыемства па спальванні адходаў няма. Выбар пляцовак пад будаўніцтва такога завода будзе праводзіцца ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, з улікам усіх неабходных экспертыз і разлікаў.

Ён адзначыў, што будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю такога завода ў адпаведнасці са стратэгіяй плануецца пасля 2020 года.

„Паколькі такі аб’ект будуецца як мінімум на 20 гадоў працы, тут неабходна ўсё вельмі старанна ўзважыць і падрыхтаваць, таму што яго экалагічная бяспека — пытанне ключавое”, — растлумачыў кіраўнік упраўлення.

Паводле слоў Шагуна, меркаваная магутнасць прадпрыемства складзе 500 тыс. тон адходаў у год, аднак канчаткова гэта вызначыць інвестар.

belapan.by