Panasonic запусціў вытворчасць тэлевізараў у Беларусі



Японская кампанія Panasonic запусціла вытворчасць тэлевізараў у Беларусі. Пра гэта паведаміў дырэктар дывізіёна спажывецкай электронікі кампаніі Panasonic Расея Сяргей Кажэўнікаў.

Panasonic

„У перспектыве працэнт тэлевізараў мясцовай зборкі (беларускай) можа дасягнуць 80% ад агульнага аб’ёму тэлевізараў Panasonic, якія прадаюцца ў Мытным саюзе”, — сказаў Кажэўнікаў агенцтву ТАСС, падкрэсліўшы, што гэта адбудзецца не раней за 2017 год.

Паводле слоў Кажэўнікава, рынак ЕАЭС, нягледзячы на крызіс, застаецца адным з найбуйнейшых у Еўропе. Panasonic таксама плануе пачаць пастаўкі тэлевізараў беларускай вытворчасці ва ўсе краіны былога СССР і Еўрасаюза.

На першым этапе кампанія запусціць у Беларусі вытворчасць трох мадэляў тэлевізараў Viera сярэдняй цэнавай катэгорыі з дыяганаллю 24, 32 і 43 цаляў і пашырэннем HD і Full HD. Лакалізаваная распрацоўка і вытворчасць знізілі кошт тавараў на 10—15% у параўнанні з мадэлямі аналагічных характарыстык, якія імпартуюцца, адзначылі ў Panasonic.

Тэлевізары беларускай зборкі з’явяцца ў продажы ўжо ў кастрычніку. Кажэўнікаў дадаў, што мадэльны шэраг можа быць пашыраны ў пачатку 2017 года, пасля таго як будуць зроблены першыя высновы па продажах.

Panasonic арганізуе вытворчасць тэлевізараў па прынцыпе кантрактнай зборкі. Беларускую кампанію, якая выступіць партнёрам японскай карпарацыі, прадстаўнік Panasonic не назваў, аднак адзначыў, што гэта не першае іх супрацоўніцтва. Гэты ж партнёр вырабляе для Panasonic мікрахвалевыя печы.

Як раней паведамляў БелаПАН, мікрахвалевыя печы пад такімі брэндамі, як Midea, Horizont, Vitek, Daewoo, Sharp, Bosch, Panasonic і іншымі, вырабляе сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю „Мідэа-Гарызонт”. Гэта беларуска-кітайскае вытворчае прадпрыемства, размешчанае на тэрыторыі СЭЗ „Мінск”, створана ў 2007 годзе найбуйнейшым у Кітаі вытворцам бытавой тэхнікі „Мідэа Груп” і ААТ „Кіруючая кампанія холдынгу „Гарызонт”.

Panasonic Corporation — буйная японская машынабудаўнічая карпарацыя. Створана ў 1918 годзе. Адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў бытавой тэхнікі і электронных тавараў. Штаб-кватэра знаходзіцца ў горадзе Кадома прэфектуры Осака.

belapan.by