Пашыраецца прымусовае спагнанне падаткаў



Кожная дзясятая арганізацыя ці ўстанова Прынёмання не ў стане плаціць падаткі дзяржаве, у сувязі з чым да іх ужываюцца прымусовыя захады спагнання грашовых сродкаў. На працягу бягучага году падатковая інспекцыя па Гарадзенскай вобласці прымусова спагнала падаткаў на суму, якая перавышае 50 мільёнаў даляраў – грошы для фінансавання на працягу трох месяцаў сістэмы адукацыі рэгіёна. Як зазначае старшыня абласной падатковай інспекцыі Лідзія Сямашка, з кожным годам спагнаць падаткі становіцца ўсё цяжэй у сувязі з вялікімі крэдыторскімі і дэбіторскімі запазычанасцямі суб’ектаў гаспадарання:

Ёсць суб’екты гаспадарання, у якіх прымусовае спагнанне падаткаў складае амаль 80%. Павялічылася запазычанасць па падатках. Ёсць суб’екты гаспадарання, якія не разлічваюцца з бюджэтам, асабліва апошнім часам – гэта перадусім прадпрыемствы, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву.

Паводле беларускага заканадаўства, аплата падаткаў з’яўляецца першачарговым плацяжом для ўсіх без выключэння арганізацый і ўстановаў. Толькі пасля рзліку з дзяржавай прадпрыемства мае магчымасць выплаты заробкаў працоўным.

Беларускае Радыё Рацыя