Пашыраць пералік відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай



Савет Міністраў прапаноўвае пашырыць пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальнiцкай. Пра гэта сказана ў праекце ўказа прэзідэнта „Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб”, разгледжаным створанай Аляксандрам Лукашэнкам рабочай групай па стымуляванні дзелавой актыўнасці. Тэкст праекта размешчаны на сайце Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

У прыватнасці, прапаноўваецца ўстанавіць, што да прадпрымальніцкай дзейнасці не адносяцца паслугі, якія ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі, па рамонце гадзіннікаў і абутку, рамонце і аднаўленні, уключаючы перацяжку, хатняй мэблі з матэрыялаў заказчыка, індывідуальная зборка мэблі, аказанне паслуг па настройцы музычных інструментаў, камп`ютарнае праграмаванне, кансультацыйныя паслугі і іншыя спадарожныя паслугі, дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне офісных машын, камп`ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучанне працы на персанальным камп`ютары, якія ажыццяўляюцца ў хатніх умовах альбо з выездам да спажыўца.

Таксама не трэба будзе рэгістраваць ІП ці юрыдычную асобу для здачы жылля на суткі для правядзення вяселляў, юбілеяў, банкетаў і іншых мерапрыемстваў, прадастаўлення месцаў для кароткатэрміновага пражывання фізічных асоб, вытворчасці кандытарскіх і іншых кулінарных вырабаў у хатніх умовах і іх самастойнага продажу. Без рэгістрацыі можна будзе пілаваць і калоць, грузіць і разгружаць дровы, праводзіць заняткі ёгай, фітнесам, пілатэсам, аэробікай, шэйпінгам у хатніх умовах альбо з выездам да спажыўца.

Да такіх відаў дзейнасці таксама будуць аднесены вытворчасць адзення (у тым ліку галаўных убораў) і абутку з матэрыялаў заказчыка, выкананне тынкавальных, малярных, шкляных работ, работ па ўстройванні пакрыццяў падлогі і абліцоўванні сцен, уключаючы абклейванне сцен шпалерамі, мураванні і рамонце печаў і камінаў.

Указам вызначаны памеры базавых ставак адзінага падатку, які штомесяц выплачваецца грамадзянамі пры ажыццяўленні пералічаных відаў дзейнасці.

Акрамя таго, урадам падрыхтаваны праект указа аб пашырэнні пераліку відаў рамесніцкай дзейнасці. У ім таксама прапісана права рамеснікаў прадаваць свае вырабы ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца для іх стварэння, рэкламуючы іх у інтэрнэце і перасылаючы па пошце пакупніку.

belapan.by