Павялічылася колькасць сем’яў за рысай беднасці



У Беларусі працягвае расці колькасць сем’яў, які жывуць за мяжой беднасці. У 4 квартале мінулага года ў 170 тысяч хатніх гаспадарак штомесячны даход не перавышаў бюджэт пражытковага мінімуму. Для параўнання: у ліпені-верасні за нацыянальнай рысай беднасці знаходзілася амаль 158,8 тысячы сем’яў.

У кастрычніку-снежні мінулага года за мяжой беднасці, паводле афіцыйнай статыстыкі, аказалася 4,4% ад агульнай колькасці хатніх гаспадарак. Гэта на 0,3 працэнтных пункта больш, чым у ліпені-верасні. Пры гэтым у 4 квартале 2015 года да малазабяспечаных адносілі 3,8% ад агульнай колькасці хатніх гаспадарак. Нагадаем, па дадзеных перапісу насельніцтва ў 2009 годзе, у Беларусі зарэгістравана 3 мільёны 873 тысячы 139 хатніх гаспадарак.

Больш за ўсё бедных сем’яў знаходзіцца ў Гомельскай і Берасцейскай абласцях – 6,2% і 6% адпаведна ад агульнай колькасці хатніх гаспадарак у гэтых рэгіёнах. Менш за ўсё сем’яў, штомесячны даход якіх не перавышаў ў кастрычніку-снежні мінулага года БПМ, знаходзіцца ў Менску – 1,4%.

За нацыянальнай рысай беднасці ў 4 квартале мінулага года па-ранейшаму часцей за ўсё аказваліся сем’і з непаўналетнімі дзецьмі – 9% ад агульнай колькасці хатніх гаспадарак гэтай катэгорыі. Год таму гэты паказчык складаў 7,8%.

Часцей сталі аказвацца за мяжой беднасці адзінокія беларусы – 1,8% ад агульнай колькасці гэтай катэгорыі. Год таму – 1,5%.

Нагадаем, у мінулым годзе рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў склалі 92,7% да ўзроўню 2015 года. Гэта падзенне стала самым вялікім за апошняе дзесяцігоддзе. Напрыклад, у 2015 годзе беларусы пабяднелі на 5,9%, у крызісны 2011 – на 1,1%.

tut.by