Плануецца спрасціць каля 250 нарматыўных актаў для транспартнага бізнесу



Міністэрства транспарту і камунікацый рыхтуе прапановы аб спрашчэнні ўмоў працы для транспартнага бізнесу — мяркуецца адмяніць або спрасціць каля 250 нарматыўных актаў у гэтай сферы. Пра гэта 6 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак.

„Першае рашэнне мы будзем прымаць на калегіі ўжо на гэтым тыдні — дзесьці 20 нарматыўных актаў у нашай кампетэнцыі будуць адмененыя”, — сказаў міністр.

„Якія прапановы мы можам унесці на ўзровень усёй рэспублікі? Ну дапусцім, мы лічым, што планавых праверак бізнесу, у асноўным аўтатранспартнага, дзе ў нас працуюць невялікія прыватныя кампаніі, не павінна быць. Мы імкнемся да выключэння такіх праверак”, — растлумачыў Сівак.

Паводле яго слоў, праверкі прапануецца праводзіць толькі па фактах здарэнняў, дзе былі ўсталяваныя „праблемы са здароўем ці жыццём пасажыраў”. „Пры гэтым павышаецца і адказнасць дзяржорганаў, і саміх суб’ектаў гаспадарання”, — сказаў кіраўнік Мінтранса.

Акрамя таго, плануецца змякчыць патрабаванні да перавозчыкаў у частцы ліцэнзавання. „У нас жорстка прапісана, у якіх выпадках перавозчык пазбаўляецца ліцэнзіі. Але не ва ўсіх выпадках гэта апраўдана, мы прапануем патрабаванні змякчыць і не заўсёды прыходзіць да пазбаўлення перавозчыка ліцэнзіі”, — заявіў чыноўнік.

belapan.by