Полацкая ГЭС запрацуе ў 2017 годзе, Віцебская – у 2018-м



Дзве найбуйнейшыя ў Беларусі гідраэлектрастанцыі запрацуюць да 2019 года, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі. Полацкую ГЭС магутнасцю 21,7 МВт плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2017 годзе, Віцебскую ГЭС на 40 МВт – у 2018 годзе.

664988_big

Зараз самай буйной у краіне застаецца Гарадзенская ГЭС магутнасцю 17 МВт, адкрытая па дзяржпраграме будаўніцтва гідраэлектрастанцый у 2011-2015 гадах.

У ветраэнергетыцы адным з асноўных праектаў застаецца будаўніцтва ветрапарку ў Навагрудскім раёне Гарадзенскай вобласці. „Будаўніцтва пяці ветраэнергетычных установак магутнасцю па 1,5 МВт і падстанцыі 110 кВ „Ветрапарк” вядзецца ў адпаведнасці з графікам. Плануецца, што ўсе працы будуць завершаны да канца мая 2016 года”, – адзначылі ў прэс-службе.

Абсталяванне для ветрапарку даставіла кітайская кампанія HEAG.