Польскія сельгасвытворцы чакаюць пераменаў у гандлі з Беларуссю



Польскія прадпрымальнікі сельскагаспадарчай галіны чакаюць зняцця бар’ераў у гандлі з Беларуссю і гарантый для інвестыцый. Пра гэта 8 лістапада ў Менску заявілі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, прысвечанай праграме прасоўвання польскай прадукцыі „Густы Еўропы”.

„Мы заўважаем вялікае ажыўленне ў нашых адносінах у галіне сельскай гаспадаркі. На сённяшняй сустрэчы з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Уладзімірам Гракуном мы абгаварылі далейшыя шляхі супрацы з мэтай здымання бар’ераў, якія замінаюць нашаму гандлю. Калі мы хочам супрацаваць, то выгада павінна быць узаемнай”, — сказаў першы намеснік міністра (генеральны сакратар) сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Рышард Заруцкі.

Ён зазначыў, што Беларусь пасля краін ЕС з’яўляецца для Польшчы найбуйнейшым пакупніком айчыннай сельгаспрадукцыі. Польшча гатова дзяліцца вопытам экспарту ў Германію, Італію, Вялікабрытанію і новымі тэхналогіямі ў галіне вырошчвання і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

На яго думку, важна зняцце абмежаванняў пры экспарце тавараў з Польшчы ў Беларусь. „А для польскіх прадпрымальнікаў, якія хочуць супрацоўнічаць з Беларуссю, вельмі важныя гарантыі па бяспецы такога супрацоўніцтва, гарантыі іх інвестыцый”, — адзначыў Заруцкі.

Бар’ерамі ў гандлі ён назваў пастаўкі мінеральных дабавак да кармоў жывёл з абавязковым дадатковым ветэрынарным сертыфікатам, абмежаваны доступ на беларускі рынак польскай ялавічыны, у тым ліку бескасцёвай, звязаны з абавязковым заключэннем аб адсутнасці значнай пагрозы захворвання кароў на шаленства, а таксама абмежаванні па пастаўках свініны.

belapan.by