Праблемныя актывы беларускіх банкаў зноў сталі расці



Праблемныя актывы беларускіх банкаў зноў сталі расці. Як паведамляецца ў статыстычным бюлетэні Нацыянальнага банка, на 1 красавіка доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме склала 13,7%.

За сакавік доля праблемных актываў у партфелі беларускіх банкаў павялічылася на 0,4 працэнтнага пункта, у лютым яна была нязменнай. З пачатку года (за першы квартал) удзельная вага праблемных актываў вырасла на 0,9працэнтнага пункта.

Варта адзначыць, што доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі хуткімі тэмпамі павялічвалася ў мінулым годзе і за студзень—кастрычнік вырасла з 6,8% да рэкордных 14,9%.

У чацвёртым квартале 2016-га ў выніку перадачы неабслугоўваных крэдытаў з балансу „Балаграпрамбанка” на баланс дзяржаўнага Агенцтва па кіраванні актывамі доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме знізілася з 14,9% да 12,8% на пачатак гэтага года.

На думку міжнародных агенцтваў, якія рэйтынгуюць беларускія банкі, у 2017 годзе ўзровень праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі можа працягваць расці. „Мы чакаем, што тэндэнцыя пагаршэння якасці актываў беларускіх банкаў працягнецца на працягу 2017 года, паколькі крэдытныя рызыкі застаюцца высокімі”, — прагназуюць аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings.

Негатыўны націск на банкаўскі сектар Беларусі з боку эканомікі ў 2017 годзе захаваецца, лічаць яны. „Мы захоўваем негатыўны прагноз па банкаўскім сектары Беларусі. Мы чакаем, што націск на сектар на працягу 2017 года захаваецца, і ён будзе абумоўлены рэцэсіяй апошніх двух гадоў і наступствамі дэвальвацыі нацыянальнай валюты”, — адзначаюць аналітыкі агенцтва Fitch Ratings.

Як мяркуюць замежныя эксперты, рост праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі абумоўлены тым, што ўлады ў мэтах запаволення інфляцыі сталі скарачаць аб`ёмы дзяржпадтрымкі неэфектыўнага дзяржсектара.

„Цяпер аб`ёмы падтрымкі ў Беларусі зніжаюцца. Звязаная з гэтым пагаршэнне фінансавага стану дзяржпрадпрыемстваў прыводзіць да росту праблемных актываў і зноў абвастрае праблему неабходнасці трансфармацыі неэфектыўнага дзяржсектара”, — лічаць эксперты Цэнтра макраэканамічных даследаванняў „Ашчадбанка”.

БелаПАН