Прадпрыемствы Гарадзеншчыны скарачаюць колькасць працоўных



Такія прадпрыемствы, як “Азот”, “Гроднааблсельбуд” і “Гроднапрамбуд” зменшылі свой колькасны склад па выніках трох кварталаў мінулага года амаль на тысячу чалавек. Самыя масавыя скарачэнні назіраюцца на “Гроднапрамбудзе” – 379 чалавек,  “Азоце” і  “Гроднааблсельбудзе” 309 і 257 чалавек адпаведна.

Як зазначае старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Федыніч, скарачэнні сведчаць у першую чаргу аб цяжкасцях на многіх прамысловых прадпрыемствах рэгіёна.

– Няма рэалізацыі. Сядзяць на крэдытах. Выбіваюць крэдыты і гэтымі крэдытамі плоцяць заробкі. Дзяржава не тое што стварае ўмовы, каб людзі маглі працаваць, а наадварот – стварае перашкоды на шляху, каб паўсталі ўмовы для добрага заробку, добрай працы, добрых умоваў. Пра гэта гаварылася і 20 гадоў таму, але праз 20 гадоў мы прыйшлі да таго, з чаго сыходзілі.

У сувязі з цяжкім эканамічным становішчам прадпрыемстваў Прынёманскага рэгіёна працоўныя па ініцыятыве наймальнікаў вымушаныя зыходзіць у неаплатныя адпачынкі. Тыя, хто выказвае нязгоду, падлягаюць звальненню ў двухтыднёвы тэрмін.

Беларускае Радыё Рацыя