Прадпрымальнікаў менш – а падаткаў больш



Прадпрымальнікаў становіцца менш, а падаткаў яны плацяць больш. У першым паўгоддзі ІП-шнікі Гарадзенскай вобласці заплацілі ў бюджэт падаткаў на амаль дзвесце мільярдаў старых рублёў. У параўнанні з такім жа перыядам мінулага году падатковыя паступленні ад дробнага бізнесу павялічыліся на пяць мільярдаў. Нягледзячы на ​​рост падатковых адлічэнняў, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася. Калі ў першым паўгоддзі мінулага году іх было больш за 27 тысячаў, то цяпер – на паўтары тысячы менш. У цэлым па краіне на ўліку падаткавікоў каля двухсот трыццаці васьмі тысяч ІП, якія заплацілі ў казну каля двух трыльёнаў рублёў. Пры гэтым амаль кожны другі прадпрымальнік у краіне заняты ў сферы паслуг. Рознічным і аптовым гандлем, а таксама рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў займаецца прыблізна сорак працэнтаў беларускіх прадпрымальнікаў.