Прэмія «Лідар года» беларусізуецца



У прэміі развіцця спажывецкага рынку «Лідар года» сёлета з’явіцца беларускамоўны знак. Як паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя старшыня аргкамітэта прэміі, кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, знак распрацаваны маладой дызайнеркай Алай Залеўскай і агенцтвам візуальных канцэпцый «Тры макі» з выкарыстаннем традыцыйных беларускіх арнаментаў.

Лагатып на новым знаку – на беларускай мове. «Мы бачым тэндэнцыю пашырэння выкарыстання беларускай сімволікі ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку – і ў эканамічнай. Сапраўдны лідар павінен разумець новыя трэнды і скарыстоўваць іх», – сказаў Сяргей Балыкін.

Новы знак выкананы паводле канцэпцыі вышыванкі, якая апошнім часам у Беларусі стала моднай тэндэнцыяй. Выкарыстанне ў знаку беларускай мовы і народнай сімволікі дазваляе візуальна падкрэсліць беларускае паходжанне тавару. А ўвесь асноўны тавар на нашым беларускім рынку стаў сінонімам якаснага тавару. І нам таксама хацелася пашырыць ужыванне беларускай мовы ў бізнесе, бо ён не пазбаўлены патрыятызму.

У гэтым годзе прэмія будзе ўручацца другі раз. Заяўкі ад прадпрыемстваў на ўдзел пачалі паступаць ад сярэдзіны красавіка. Прэмія заснавана агенцтвам камунікацый «Медыя Партнёр» пры падтрымцы Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і шэрагу бізнес-саюзаў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя