Расея пакуль не плануе павялічваць пастаўкі нафты ў Беларусь



Расея працягне пастаўляць у Беларусь зніжаныя аб’ёмы нафты. У чацвёртым квартале – гэта будуць тры мільёны тон. Пра гэта паведаміў дарадца прэзідэнта „Транснафты” Ігар Дзёмін. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, краіна са студзеня па чэрвень імпартавала з Расеі каля 11-ці з паловай мільёнаў тон нафты. Расея ажыццяўляе пастаўкі нафты ў Беларусь, зыходзячы з гадавога аб’ёму 18 мільёнаў тон, – казаў у пачатку верасня расейскі міністр энергетыкі Аляксандр Новак. Раней Расея планавала пастаўляць у 2016-м-2024-м гадах у Беларусь 24 мільёны тон нафты штогод.

Масква і Менск вядуць перамовы аб кошце газу для беларускіх спажыўцоў. У ліпені кіраўнік расейскага Мінэнерга паведаміў, што доўг Беларусі за газ складае 270 мільёнаў даляраў. Менск доўг не прызнаваў, заяўляючы аб несправядлівасці кантрактнай цаны. Расея настойвала, што да зняцця рознагалоссяў аплата павінна здзяйсняцца па кантрактнай цане.