Рассельгаснагляд забараніў увоз селядцоў з Магілёўскай вобласці



Упраўленне Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях забараніла ўвоз у Расею слабасалёных селядцоў вытворчасці бабруйскага прадпрыемства „Рыбны рад”, выявіўшы нездавальняючы санітарны стан грузу.

Згодна з інфармацыяй Рассельгаснагляда, груз агульнай вагой больш як 13 тон накіроўваўся ў Белгарад і суправаджаўся ветэрынарным сертыфікатам ад 31 сакавіка, выдадзеным Дзяржаўнай ветэрынарнай службай Беларусі.

Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю было ўстаноўлена, што адрас вытворцы, пазначаны ў суправаджальных дакументах, не адпавядаў адрасу ў рэестры прадпрыемстваў Мытнага саюза. Акрамя таго, транспартны сродак і груз знаходзіліся ў нездавальняючым санітарным стане. 1 красавіка ў пункце папярэдняга паведамлення „Чырвоны Камень” (Бранская вобласць) было прынятае рашэнне вярнуць прадукцыю адпраўніку.

У ААТ „Рыбны рад” заявілі, што пакуль вывучаюць інфармацыю аб забароне на ўвоз іх прадукцыі ў Расею і не будуць каментаваць сітуацыю.

belapan.by