Рэчыцкія прадпрымальнікі спыняюць дзейнасць з 1 студзеня (абноўлена)



Амаль тысяча жыхароў Рэчыцы папоўніць шэрагі беспрацоўных. Менавіта такая колькасць прадпрымальнікаў не выйдзе на працу з-за неабходнасці сертыфікацыі на тавары лёгкай прамысловасці.

Як распавёў дробны бізнесовец Алег Шабетнік, рынак працы ў горадзе перапоўнены:

– Працоўных месцаў у горадзе няма. Уладкавацца на працу проста немагчыма. Будзем папаўняць шэрагі беспрацоўных.

Як распавёў Алег Шабетнік, рэчыцкія прадпрымальнікі пісалі лісты ва ўрад з пытаннем, што ім рабіць далей. Аднак адказ так і не атрымалі.

* * *

Рэчыцкія прадпрымальнікі вырашылі скасаваць дамовы арэнды і праінфармаваць выканкам пра спыненне дзейнасці з 1 студзеня 2016 года.

Дробныя бізнесоўцы лічаць немагчымым выкананне патрабавання ўладаў аб наяўнасці суправаджальных сертыфікатаў на тавары. Прадпрымальніцкі лідар Алег Шабетнік заўважае, што гандляры да апошняга моманту спадзяваліся на падаўжэнне мараторыя на дзеянне ўказа № 222 аб абавязковай сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

— 28-га мы чакаем адказу ад улады, бо 28-га людзі плацяць падаткі. Да 28 мы чакаем адказу ад прэзідэнта і Ураду, бо многія прадпрымальнікі пісалі ва Урад з пытаннем: што нам рабіць далей? Мы не можам працаваць з-за Расеі. Не наша віна, што у Расеі адмянілі да 2018 года, а мы не можам гэтага адмяніць. Таму, ёсць надзея, што усё ж такі гэта адтэрмінуюць на такіх самых умовах, на якіх адтэрмінавалі ў Расеі. 

Указ Аляксандра Лукашэнкі №222 абавязвае гандляроў мець сертыфікаты і дакументы на імпартныя тавары. Гаворка ідзе пра наяўнасць касавага чэку, накладной і іншых дакументаў, якія пацвярджаюць аплату тавараў. Прадпрымальнікі заўважаюць, што атрымаць такія дакументы ў расейскіх пастаўшчыкоў часта немагчыма.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель