Састарэлы менталітэт асобных чыноўнікаў тармозіць развіццё краіны



Псіхалагічныя бар’еры і састарэлы менталітэт асобных чыноўнікаў у розных галінах вытворчасці тармозяць укараненне новых тэхналогій у эканоміку, заявіў на прэс-канферэнцыі 7 кастрычніка ў Менску старшыня праўлення Рэспубліканскай асацыяцыі нанаіндустрыі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) Сяргей Жданок.

У склад асацыяцыі нанаіндустрыі ўваходзяць каля 30 прадпрыемстваў, на якіх працуюць прыкладна дзве тысячы чалавек. Асацыяцыя аб’ядноўвае кампаніі, якія займаюцца практычнай рэалізацыяй ведаў і дасягненняў нананавукі ў рэальным сектары эканомікі. Жданок адзначыў, што навукоўцы НАН, якія даследуюць „глыбінныя асновы нанаўзроўневых працэсаў і уласцівасцяў матэрыялаў”, дасягнулі значнага прагрэсу ў галіне фундаментальных распрацовак.

Паводле яго слоў, у краіне вельмі добры навуковы базіс, ёсць прадпрыемствы, якія развіваюць канкрэтныя тэхналогіі і аказваюць паслугі ў галіне нанаіндустрыі, але „лакаматывам усёй беларускай прамысловасці гэтая сфера сёння выступаць не можа”, бо ёй перашкаджае шэраг фактараў, найперш суб’ектыўныя.

„Мы зараз перажываем перыяд, калі многія ключавыя галіны, дзе павінна была сфарміравацца галіновая навука, здольная назапашаныя Акадэміяй навук веды перанесці на ўзровень вытворчасці, узначальваюць людзі з мінулага жыцця. Яны калісьці добра адпрацавалі чыноўнікамі ў міністэрствах, іх адправілі на ганаровы адпачынак у выглядзе працы ў галіновай навуцы. <…> Мы чакаем з’яўлення маладых чыноўнікаў і кіраўнікоў”, — падкрэсліў Жданок. Ён дадаў, што ў некаторых чыноўнікаў існуе „псіхалагічны бар’ер” перад новымі тэхналогіямі, а таксама проста неразуменне, якім чынам гэтыя тэхналогіі могуць паўплываць на эканоміку, таму многія інавацыі ў вытворчасць не ўкараняюцца.

З-за гэтага прадпрыемствы асацыяцыі нанаіндустрыі амаль цалкам арыентаваныя не на ўнутраны рынак, а на рынкі Захаду і Азіі.

Для выхаду з сітуацыі, якая склалася, Жданок лічыць неабходным стварыць спецыяльныя хабы ў розных галінах вытворчасці, у якіх эксперты маглі б ацэньваць распрацоўкі беларускіх высокатэхналагічных прадпрыемстваў, сертыфікаваць іх прадукцыю і на высокім узроўні рэкамендаваць да ўкаранення ў эканоміку.

belapan.by