Шчыльная супраца з Расеяй аказалася небяспечнай



Эканамічная нестабільнасць Беларусі ў вялікай ступені выклікана залежнасцю ад расейскай нафты, нізкія кошты на якую і сталі галоўнай прычынай крызіса, што перажывае краіна. Толькі змена асноўных рынкаў, лібералізацыя эканомікі і стварэнне эфектыўнага бізнесу ў стане выратаваць Беларусь ад фінансавага калапсу, – такой думкі прытрымліваецца палітычны аглядальнік Аляксандр Федута, які ўсю глыбіню крызісных з’яваў бачыць у шчыльнай супрацы з Расеяй.

– Беларусь настолькі ўмацавала свае сувязі з Расеяй, што зараз, калі Расея апынулася ў стане крызісу, мы не паспелі не тое што адскочыць у бок, мы не паспелі нават на адзін крок адыйсці. Ва ўрадзе ёсць дастаткова разумныя эканамісты, які ведаюць, што трэба і што магчыма рабіць з краінай. Але справа ў тым, што ў дзяржавы няма палітычнай волі, каб гэта рабіць.

Нестабільнасць беларускай эканомікі пацверджваюць і сацыяльна-эканамічныя паказчыкі за мінулы год. Згодна дадзеных нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны, валавы ўнутраны прадукт перавысіў 869 трыльёнаў беларускіх рублёў і на працягу года зменшыўся амаль на 4%.

Беларускае Радыё Рацыя