Слонімскія ІП па-ранейшаму патрабуюць адмены ўказа № 222



У аўторак, 26 студзеня, на Слонімскім цэнтральным рынку адбыўся чацвёрты ў гэтым годзе сход слонімскіх індывідуальных прадпрымальнікаў. На сход прыйшлі больш за 50 чалавек.

Сход распачаў сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Перспектыва”, каардынатар па Гарадзенскай вобласці Віктар Марчык, які праінфармаваў ІП пра сітуацыю, якая на сённяшні дзень складваецца ў рэспубліцы ў адносінах да індывідуальных прадпрымальнікаў. Людзі выказвалі незадавальненне наконт таго, што мясцовая ўлада наогул не цікавіцца дзейнасцю ІП, маўляў, гэта не іх праблемы, а праблемы ІП. Чыноўнікі кажуць, каб ІП збіраліся, гутарылі, мітынгавалі толькі на рынку, а не выходзілі за яго межы. А слонімскія ІП у гэты дзень па-ранейшаму патрабавалі адмены ўказа № 222, а толькі потым можна вырашаць ўсе іншыя пытанні, звязаныя з гандлем, падаткамі і сертыфікатамі.

У панядзелак, 1 лютага, дэлегацыя слонімскіх ІП прыме ўдзел у рэспубліканскім форуме ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім