Слонімскія прадпрымальнікі правялі сход



У Слоніме па-ранейшаму не працуе рынак. 90% ралетаў зачыненыя, мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі не гандлююць сваім таварам. У аўторак, 5 студзеня, каля 50 індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся на рынку каля зачыненых ралетаў і вырашалі, што рабіць далей. Перад прадпрымальнікамі выступіў сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Перспектыва”, каардынатар па Гарадзенскай вобласці Віктар Марчык. Ён, у прыватнасці, сказаў: “Загадам №222 прадпрымальнікаў паставілі ў такія ўмовы, што выканаць іх немагчыма, бо асноўная маса ІП набывае свой тавар у Расеі, а там усе дакументы на тавар несапраўдныя, ці іх наогул не даюць. І нашы чыноўнікі пра гэта добра ведаюць. А таксама яны ведаюць, што дакументы на тавары можна набыць толькі тады, калі купляць айчынны тавар, якімі заваленыя склады. Такім чынам, чыноўнікі хочуць перакласці праблему рэалізацыі беларускага неліквіднага тавару на плечы ІП. Але пры пакупцы такога тавару з дакументамі кошт на яго павялічыцца ў некалькі разоў, і пакупнікі яго проста не будуць купляць. А ў сённяшняй сітуацыі, калі зарплаты падаюць і пакупная здольнасць практычна знізілася да нуля, а падаткі падвысіліся, то для ІП няма іншага выхаду, як спыніць сваю працу”.

Падчас сходу слонімскія прадпрымальнікі вылучылі дэлегатаў на форум прадпрымалькаў, які адбудзецца ў Менску 11 студзеня. Там, магчыма, слонімскія ІП прапануюць усім індывідуальным прадпрымальнікам Беларусі правесці ў Менску рэспубліканскі марш прадпрымальнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім