Страты “Нёмана” ў 2015 перавысілі 6 млн даляраў



Страты бярозаўскага шклозавода “Нёман” у бягучым годзе перавысілі шэсць мільёнаў даляраў. Такія паказчыкі дазволілі прадпрыемству трапіць у топ 25-ці самых стратных у Беларусі. Незапатрабаванасць прадукцыі з’яўляецца галоўнай прычынай адмоўнага фінансавага становішча шклозавода, на ўтрыманне якога дзяржава выдаткоўвае дзясяткі мільёнаў даляраў.

Як зазначае старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандар Бухвостаў, крытычная сітуацыя на прадпрыемстве выклікана эканамічнай нестабільнасцю ў Беларусі:

– Прамысловая палітыка апынулася няправільнай. Калі на цябе ўвесь час ціснуць – давай аб’ёмы, давай аб’ёмы, не цікавячыся каму гэтыя аб’ёмы патрэбныя. Дзе рэалізацыя? Дзе прадаваць? Расейскі рынак цяпер звузіў свае магчымасці, ну з-за вядомых прычын, пры тым, канкурэнцыя на расейскім рынку расце, там ўсе транснацыянальныя карпарацыі працуюць.

Агульная запазычанасць адкрытага акцыянернага таварыства “Шклозавод Нёман” складае дзясяткі мільёнаў даляраў. Толькі пратэрмінаваная запазычанасць па бюджэтным займе – амаль 635 тысяч. Аляксандар Лукашэнка сваім указам працягнуў адтэрміноўку па выплаце запазычанасці да 2019 года.

На выплату заробкаў працоўным, колькасць якіх перавышае 1 700 чалаек, выкарыстоўваецца адмысловая крэдытная лінія аднаго з беларускіх банкаў, які ажыццяўляе выплаты прымусова.

Беларускае Радыё Рацыя