Сусветны банк: Патрэба Беларусі ў знешнім фінансаванні значная



З улікам дэфіцыту плацежнага балансу і выплат па дзярждоўгу патрэба Беларусі ў знешнім фінансаванні застаецца значнай. Такая ацэнка прыводзіцца ў эканамічным аглядзе Сусветнага банка (СБ), прэзентацыя якога адбылася 28 красавіка ў Менску.

Сусветны банк

„Патрэба ў знешнім фінансаванні значная ў сувязі з надыходам тэрмінаў пагашэння знешніх абавязацельстваў, нізкага ўзроўню рэзерваў і слабага экспарту”, — адзначаюць эканамісты СБ.

Згодна з прагнозам банка, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый складзе ў сярэднім 3% ВУП у 2016—2017 гадах. „Пагашэнне дзяржаўнага доўгу, намінаванага ў замежнай валюце, ацэньваецца ў памеры 3,3 млрд. даляраў ЗША ў 2016 годзе, прычым запазычанасць перад рэзідэнтамі складае прыкладна траціну гэтай сумы. Паколькі ўзровень міжнародных рэзервовых актываў невялікі, вызначэнне адэкватнага памеру знешняга фінансавання ўяўляецца важным”, — падкрэсліваюць эканамісты СБ.

Аўтары агляду нагадваюць, што Беларусь нядаўна заключыла пагадненне аб атрыманні крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця і вядзе перамовы аб новым крэдыце з Міжнародным валютным фондам.

Разам з тым, з улікам абмежаванага доступу да знешняга фінансавання, „для адаптацыі да знешніх шокаў можа спатрэбіцца далейшае ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі”, адзначаюць эканамісты СБ.

„Абмежаваны доступ да знешняга фінансавання і рост стратаў у сектары дзяржпрадпрыемстваў звужаюць прастору для рэалізацыі контрцыклічнай (якая стымулюе эканамічную актыўнасць.) палітыкі”, — гаворыцца ў аглядзе.

На думку Сусветнага банка, праблемы, якія захоўваюцца ў сектары дзяржпрадпрыемстваў, будуць працягваць негатыўна адбівацца на працэсе стварэння працоўных месцаў і пераходу работнікаў на новыя працоўныя месцы, „у той час як дзейныя дапамогі па беспрацоўі надзвычай малыя, а планы ўрада па іх павелічэнні пакуль няясныя”.

belapan.by