Сярэднія заробкі на Берасцейшчыне змяншаюцца



Крыху больш за 6 мільёнаў беларускіх рублёў – такі сярэдні заробак атрымоўваюць жыхары Берасцейскай вобласці. Аб гэтым сведчаць апошнія статыстычныя дадзеныя. Грамадзяне, якія жывуць у абласным цэнтры, атрымоўваюць да 6 мільёнаў 800 тысяч рублёў, жыхары суседняга Жабінкаўскага раёну значна меней – 6 мільёнаў 200 тысяч рублёў, у Камянецкім раёне – роўна 6 мільёнаў, у Маларыцкім – 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў.

Старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Аляксандр Міхайлоўскі адзначыў, што ў рэгіёнах створана недастатковая колькасць эфектыўных працоўных месцаў, і таму – нізкія даходы ў насельнітва:

– Калі параўноваць з мінулым годам, то па Берасці рэальная заработная плата будзе складаць 94%. Назіраецца падзенне на 6%. У рэгіёнах больш нізкі ўзровень жыцця, чым у Берасці. Там менш працоўных месцаў, менш магчымасцяў рэалізацыі працоўнай сілы.

Налічаныя сярэдне-месячныя заробкі працаўнікоў Берасцейскай вобласці таксама адрозніваюцца памерамі ў залежнасці ад відаў эканамічнай дзейнасці. Найбольш прыбытковымі з’яўляюцца вытворчасць машын і абсталявання, транспартных сродкаў, апрацоўка другаснай сыравіны, сувязь ды праца чыгункі. Сярод найменш аплочваемых сфераў – адукацыя, ахова здароўя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць арганізацый культуры, адпачынку і спорту.

Беларускае Радыё Рацыя