Сяргей Балыкін: Дастаткова было зняць некалькі абмежаванняў



Беларусь паднялася ў рэйтынгу Сусветнага банка Doing business-2017 толькі з-за адмены недарэчных перашкод. У штогадовым дакладзе банка ў пытанні спрыяльнасці ўмоваў вядзення бізнэсу Беларусь апынулася на 37-м месцы. Нашыя суседкі Расея і Украіна – на 40-м і 80-м адпаведна. Пры гэтым Беларусь увайшла ў дзясятку краінаў, дзе ўмовы для вядзення бізнэсу істотна палепшыліся за апошні год. Дык што ж такога істотнага адбылося ў беларускай эканоміцы? На нашае пытанне адказаў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін:

– Падняцца ў рэйтынгу для Беларусі было не цяжка, таму што ўмовы для вядзення бізнэса былі вельмі кепскія, і здымаючы адно абмежаванне за другім абмежаваннем, можна паказаць дастакова высокі рост.

Сяргей Балыкін заўважае, што радасць ад больш высокай пазіцыі краіны ў сусветна прызнаным рэйтынгу зніжае тое, што ў Беларусі існуе практыка мяняць падатковае заканадаўства ў апошнія дні фінансавага году. «Беларускі бізнэс не ведае, што такое стабільнасць, бізнэс-супольнасць улады звычайна ставяць перад фактам зменаў. Але такія акалічнасці рэйтынгам не ўлічваюцца», – дадаў эксперт.

Беларускае Радыё Рацыя