Тавараабарот Беларусі з ЕЗ скараціўся амаль на чвэрць



Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, тавараабарот Беларусі з краінамі Еўразвязу ў студзені—верасні 2016 года скараціўся ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам на 23,5% і склаў 8 млрд 380,9 млн долараў.

Для параўнання: у студзені—верасні 2015 года зніжэнне тавараабароту склала 29,2% у параўнанні з такім жа перыядам 2014-га.

Экспарт у краіны ЕЗ за дзевяць месяцаў 2016 года скараціўся на 32,9% да 4 млрд 476,9 млн долараў, імпарт — на 8,9% да 3 млрд 904 млн. Станоўчае сальда склала 572,9 млн долараў.

З агульнага аб’ёму экспарту рэспублікі ў студзені—верасні 2016 года на долю Расейскай Федэрацыі прыпадала 45% (у студзені-верасні 2015 года — 38,3%), краін СНД (без Расейскай Федэрацыі) — 15,4% (13,3%) , краін ЕЗ — 26% (32,6%), астатніх краін — 13,6% (15,8%).

Імпарт з Расейскай Федэрацыі склаў 56,3% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені-верасні 2015 года — 57,1%), краін СНД (без Расейскай Федэрацыі) — 4,4% (3,7%), краін ЕЗ — 19,9% (19,2%), астатніх краін — 19,4% (20%).

На працягу дзевяці месяцаў гэтага года Беларусь гандлявала са 192 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 159 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 178 краін.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі рэспублікі ў студзені—верасні 2016 года з’яўляліся: Расейская Федэрацыя — 51% ад усяго аб’ёму тавараабароту, Украіна — 7,4%, Кітай — 4,7%, Нямеччына — 4,4%, Польшча — 4,1% , Нідэрланды — 2,7%, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі — 2,5%, Літва — 2,1%, Турцыя — 1,5%, Італія — 1,3%.

Экспарт тавараў у Расію склаў 7 млрд 762,6 млн долараў ЗША, што на 0,8% менш, чым за студзень—верасень 2015 года, імпарт з Расіі — 11 млрд 68,3 млн (на 13% менш).

У Вялікабрытанію экспартавана тавараў на 818,3 млн долараў (на 67,4% менш), імпартавана — на 108 млн (на 3% менш).

Аб’ём экспарту ва Украіну склаў 2 млрд 66,2 млн долараў (на 14,2% больш), імпартавана ў Беларусь на 680,3 млн (на 1,1% менш).

У Нідэрланды экспартавана тавараў на 834,8 млн долараў (на 15,3% больш за паказчык студзеня— верасня 2015 года), імпартавана — на 145,7 млн (на 10,1% менш).

Экспарт у Германію склаў 696,5 млн долараў (на 17% менш), імпарт — 905,6 млн (на 11,5% менш).

Аб’ём экспарту ў Літву знізіўся да 599,4 млн долараў (на 19,8%), імпарт — да 191,1 млн (на 4,8%).

У Кітай экспартавана тавараў на 298,9 млн долараў (на 53,6% менш), імпартавана — на 1 млрд 425,6 млн (на 9% менш).

Экспарт у Польшчу склаў 642,5 млн долараў (на 12,4% больш), імпарт — 877,7 млн (на 8% больш).

У Латвію экспарт склаў 215,1 млн долараў (на 51,4% менш), імпарт — 52,8 млн (на 3,9% менш).

Экспарт у Італію склаў 69,5 млн долараў (на 34,6% менш), імпарт — 404,1 млн (на 12,2% менш).

Аб’ём экспарту ў Францыю знізіўся да 31,7 млн долараў (на 44,5%), імпарт — да 173,5 млн (на 28,4%).

БелаПАН