Ці дажыве віцэ-прэм’ер да лепшых часоў?



Эканаміст Барыс Жаліба распавёў, калі беларусам варта чакаць зніжэння стаўкі рэфінансавання да 8-9 адсоткаў.

Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што “наша курсавая палітыка рухаецца нарэшце ў патрэбным накірунку”.

“Стаўка рэфінансавання, стаўкі па крэдытах істотна знізіліся”, – адзначыў Сямашка і дадаў, што чакае стаўку рэфінансавання ў межах 8-9 адсоткаў.

“Дай Бог дажыць да гэтага”, – сказаў Сямашка.

Барыс Жаліба: Шчыра скажам, што пакуль у краіне ўдаецца трымаць інфляцыю пад кантролем, бо Нацбанк праводзіць дастаткова ўзважаную грашова-крэдытную палітыку. Таму, калі ён будзе такой жа палітыкі прытрымлівацца і надалей, то сітуацыя можа выправіцца ў лепшы бок. І на стаўку рэфінансавання ў 8-9 адсоткаў можна будзе выйсці ужо праз год-два.

РР: Але ці не пахісне гэтую больш-менш стабільную сітуацыю жаданне ўладаў давесці ў наступным годзе сярэдні заробак да 500 даляраў, пра што ўжо не раз прагучала з вуснаў высокіх кіраўнікоў?

Барыс Жаліба: Я ўжо шмат казаў, што жаданне, каб заробак быў у межах 500 даляраў, – гэта абсалютны валюнтарызм. Можна было бы дасягнуць такога заробку двума шляхамі. Першы – за кошт скарачэння занятасці, а значыцца створыцца сацыцяльнае напружанне. Другі – уключыць друкаваны станок, а тады ўжо да лепшых часоў не дажыве ні Сямашка, ні многія іншыя беларусы. Ці пойдуць на гэта ўлады? І ці патрэбна ім гэта? Няхай самі адказваюць за свае крокі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя