Ці паспрыяе крызіс адтоку людзей у вёску?



Дзе ў Беларусі можна скарыстаць працоўныя рукі, якія вызваляюцца ў сувязі з актыўным працэсам закрыцця нерэнтабельных прадпрыемстваў? Такім пытаннем задаюцца беларускія ўрадоўцы. Частка гэтых людзей можа вярнуцца ў вёску. Але эканаміст Аляксандр Сінкевіч лічыць гэта малаверагодным:

– Спадзявацца на тое, што адбудзецца зыход беларусаў назад у вёску – абсалютна беспадстаўна.  У параўнанні з той жа Еўропай ці ЗША,  у беларускіх вёсках адсотак насельніцтва нашмат вышэйшы, чым у развітых краінах. Гэта значыць, што нас чакае яшчэ большы адток  з вёсак. Дастаткова 5% насельніцтва, каб яны закрывалі патрэбы краіны ў харчаванні і нават выраблялі яго на экспарт.

Ва ўрадзе таксама не спадзяюцца на адток насельніцтва ў вёскі і прапануюць ствараць працоўныя месцы за кошт бізнесу. Міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі прапанаваў аддаць 1 млн кв.м свабодных прамысловых плошчаў прадпрымальнікам. Цытата: «Чаму гэтыя плошчы за мізэрную плату не прадаць або не аддаць для развіцця вытворчага бізнесу малым прадпрыемствам? Прадпрымальнік атрымае свае дывідэнды, дзяржава — падаткі і занятасць».

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота А. Дыбоўскага