Ці патрэбны беларускаму малому бізнесу польскі досвед?



«Падаткі — не галоўная праблема для малога бізнесу», — лічыць сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

У Польшчы зніжаюць падаткі для малога бізнесу. Польскі ўрад прыняў законапраект, згодна з якім падатак на прыбытак для малых прадпрыемстваў (калі іх прыбытак не перавышае 1,2 мільёна еўра ў год) знізіцца з 19 адсоткаў да 15. Магчыма, і ў Беларусі варта пераняць для малога бізнесу польскі досвед у галіне падаткаабкладання?

Віктар Маргелаў: Беларускі досвед (і асабліва – з падатковымі стаўкамі) гаворыць пра тое, што падаткі для ўладаў гэта — комплексная задача. Бо для таго, каб знізіць стаўкі, спачатку трэба вызначыць, на што зменшыць бюджэтныя выдаткі. Што датычыцца падатку на прыбытак, то цяпер у нас ён складае 18 адсоткаў, і яго зніжэнне не так ужо і актуальна. Ёсць іншыя пытанні, якія трэба вырашаць у першую чаргу. Менавіта яны перашкаджаюць працаваць малому бізнесу. Да таго ж, не трэба забывацца, што, чым менш мы плацім падаткаў, тым больш у дзяржавы з’явіцца жадання ўзяць акрамя падаткаў яшчэ што-небудзь у іншым выглядзе, бо грошай жа не будзе хапаць у бюджэт. Вось зараз мы адбіваем праект прэзідэнцкага указа, згодна з якім мясцовым органам даюцца паўнамоцтвы выкарыстоўваць да 1 адсотка ад выручкі прадпрыемстваў на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Таму справа цяпер для малога бізнесу нават не ў падатках. Можна заплаціць і падаткі, калі б была выручка, але ж яе няма.

РР: У Польшчы малы бізнес, напэўна, актыўна развіваецца?

Віктар Маргелаў: Там ёсць пэўныя тэндэнцыі і супярэчнасці, але маюцца і польскія асаблівасці. У свой час проста былі створаныя ўмовы для таго, каб у Польшчы буйны і малы бізнес развіваліся. Перш за ўсё — гэта прававыя і фінансавыя ўмовы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя