Ці перамогуць улады імпарт?



Cустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў прагназуе, да чаго можа прывесці барацьба ўладаў з імпартнымі таварамі.

Днямі Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаў занепакоенасць тым, што спажывецкі рынак у Беларусі наводнены імпартнымі таварамі. На яго думку, айчынныя тавары павінны і могуць быць не горшымі за прывезеныя з-за мяжы і на парадак таннейшымі.

«Народ павінен разумець, што імпартная шмотка — гэта не толькі вялікія грошы з іх кішэні, але і адсутнасць працы ў сябе», — адзначыў Лукашэнка і даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Косінцу стварыць групу незалежных спецыялістаў, якія вывучаць, ці ўсё зроблена па ахове эканамічных інтарэсаў на мяжы.

2014-04-23-brest800_24

Віктар Маргелаў: Пакуль я б не сказаў, што ёсць нейкія вельмі бачныя вынікі па барацьбе з імпартам. Перш за ўсё гэта звязана са змяненнем структуры гандлю. З аднаго боку змяншаецца колькасць малога прадпрымальніцтва, якое прадавала найбольшую частку айчыннага тавару – прадукты харчавання і іншае. З іншага, павялічваецца доля буйнога гандлю, які па аб’ектыўных прычынах павінен трымаць большую долю імпартных тавараў, таму што няма ў нас столькі айчыннага тавару, каб расставіць на ўсе паліцы. Складаецца такая сітуацыя, што па шэрагу групаў тавараў наадварот ідзе павелічэнне імпарту.

РР: Барацьба з імпартнымі таварамі працягнецца?

Віктар Маргелаў: Мяркую, што яна натуральным шляхам змясціцца ў іншую плоскасць. Вы ж бачыце, як расце даляр і абясцэньваецца нацыянальная валюта. А заробкі застаюцца на старым узроўні альбо нават змяншаюцца. Таму многія імпартныя тавары становяцца проста недаступнымі для пакупнікоў. Як мне падаецца, менавіта гэта фактар у бліжэйшы час будзе пераважаць у жаданні ўладаў зменшыць імпарт. Хоць і іншыя плыні таксама могуць паўплываць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ced.by