Ці працягнуць банкі зніжаць адсоткі па ўкладах?



«Людзі будуць несці грошы і пад маленькія адсоткі», — лічыць эканаміст Барыс Жаліба.

Банкі працягваюць зніжаць адсоткі па ўкладах, у сярэднім прыбытковасць зберажэнняў знізілася да 12-16 % за год. І гэта без уліку падатку.

Барыс Жаліба: На мой погляд, тэндэнцыя на тое, што банкі працягнуць зніжаць адсоткі па дэпазітах, захаваецца. У гэтым плане Нацбанк выкарыстоўвае камандна-адміністратыўныя метады і рэкамендуе камерцыйным банкам знізіць адсоткі. Звычайна дасылаюць такія лісты, і банкі не пярэчаць, а выконваюць рэкамендацыі. Курс узялі на тое, каб знізіць крэдытныя стаўкі, каб крыху палепшыць такім чынам фінансавы стан прадпрыемстваў, якім патрэбны танныя крэдыты. А дэпазіты, як вядома, гэта крыніца для крэдытавання, і стаўкі па дэпазітах заўсёды павінны быць ніжэйшымі за крэдытныя стаўкі. Таму і зніжаюць адсоткі па ўкладах.

РР: Ці варта ў такім выпадку захоўваць грошы ў банках?

Барыс Жаліба: Мы ўжо бачым, што валютныя дэпазіты ў апошні час не растуць і нават змяншаюцца. Рублёвыя дэпазіты, калі падлічыць, пакуль яшчэ выгодныя, таму людзі будуць несці і пад маленькія адсоткі. Мы ж не бачым, каб народ масава забіраў грошы з банкаў. І гэта дае падставы Нацбанку праводзіць сваёй палітыкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя