Ці варта па-роўнаму размяркоўваць заробкі?



У Беларусі заробкі размяркоўваюцца занадта роўна. Такая думка прагучала падчас круглага стала паміж беларускімі і дацкімі экспэртамі. Дыскусія тычылася плюсаў і мінусаў сацыяльнае няроўнасці.

Гаворыць супрацоўнік дацкага Інстытуту правоў чалавека Крыстафэр Марслеў:

– Пераудсім у больш свежай літаратуры аспрэчваецца той факт, што багатыя людзі больш зберагаюць грошы, а потым іх выкарыстоўваюць для інвестыцыяў. Не, гэтага не адбываецца. Пэўная колькасць эканамістаў, у іх ліку француз Томас Пекеці, гавораць, што багатыя людзі могуць зберагаць вялікія сумы грошай, але ў любым выпадку яны часцей за ўсё інвестуюць іх у фінансавыя рынкі, а не ў рэальную эканоміку. Болей за тое, яны намагаюцца пазбягаць падаткаў, альбо пераводзяць іх у афшорныя кампаніі.

Сваё меркаванне наконт маёмаснае роўнасці ў Беларусі агучвае медыя-эксперт, аналітык Паўлюк Быкоўскі:

– У нас сапраўды ёсць індэксы, якія паказваюць, што не вельмі вялікая розніца паміж тымі, хто зарабляе – вышэйшая мяжа і ніжэйшая мяжа – маем не такі вялікі разрыў як у некаторых іншых краінах. З аднаго боку гэта дасягненне так званай сацыяльнай дзяржавы, якую ў нас будуе кіроўны рэжым, з другога боку, сапраўды з пункту гледжання развіцця бізнеса гэта можа менш стымуляваць людзей шукаць заробкі, спрабаваць зарабіць болей і адпаведна гэта можа менш стымуляваць бізнес.

“У Нямеччыне мае падаткі маглі б быць больш вялікімі, чым у Беларусі”, – дадае Быкоўскі. – “Бо там імкнуцца да таго, каб размеркаваць грошы такім чынам, каб усім хапала для прыстойнага жыцця. А той, хто зарабляе вельмі шмат і плоціць болей”.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя