Ці знізіцца сабекошт беларускай прадукцыі?



“Каб зніжаўся сабекошт, неабходна канкурэнцыя, якой у Беларусі практычна няма”, – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Леў Марголін

Галоўная задача для пашырэння ўплыву на рынках — гэта зніжэнне сабекошту прадукцыі, заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні прэзідыума Савета Рэспублікі ў Нацыянальнай акадэміі навук. Хто ж перашкаджае беларускім вытворцам зніжаць сабекошт сваёй прадукцыі?

Леў Марголін: Калі ставіць задачы па зніжэнні сабекошту, то тут трэба ведаць, пра што ідзе гаворка. Калі мы кажам пра тое, што зараз прадукцыя стаіць (ляжыць) на складах ды разбураецца, то, безумоўна, трэба зніжаць кошты, каб хоць неяк тавар прадаць. А тое, што датычыцца вытворчасці, то тут больш залежыць не ад коштаў і сабекошту, а ад якасці. У свеце вялікі выбар і вытворчых прылад, і тавараў народнага спажывання… Толькі бяры, калі ёсць грошы. І людзі не шкадуюць грошай, калі тавар варты таго. Трэба мець сучасную якасную прадукцыю, хаця яна і павінна быць не даражэй, чым у астатніх.  

РР: Увогуле, могуць беларускія тавары стаць больш таннымі?

Леў Марголін: Не могуць. Вазьміце любы падручнік па эканоміцы і там вы ўбачыце, што галоўная ўмова зніжэння сабекошту – гэта канкурэнтнае асяроддзе, якога ў нас практычна няма. У нас сабекошт звычайна зніжаюць адміністратыўнымі метадамі, а гэта неэфектыўна. Сёння можна знізіць, а заўтра дадаць. Тым больш, самы лёгкі спосаб зніжэння сабекошту – гэта зніжэнне выдаткаў на заробкі. Вось тут улады могуць прымусіць скараціць людзей, адмовіцца ад прыстойных заробкаў… Усе ўжо на ўласным карку адчулі, што заробкі зніжаюцца. І не толькі ў вытворчым сектары. А вось што датычыцца матэрыялаў, энерганосьбітаў, то тут патрэбны новыя тэхналогіі. І, каб чалавек дбаў пра гэтыя новыя тэхналогіі, ён павінен ведаць, што ад гэтага залежыць яго будучыня і дабрабыт. Але ўсе гэтыя пачуцці дзяржаўным прадпрыемствам невядомыя. Яны атрымалі заданне і думаюць, як выканаць яго. Калі нельга выканаць – трэба падмануць, каб хаця зрабіць выгляд, што нешта робіцца. Але каго яны падманваюць? Самі сябе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя