Ці з’явіцца на таварах інфармацыя па-беларуску?



Ці з’явіцца на таварах, якія прадаюцца ў беларускіх крамах, інфармацыя па-беларуску? Гэтае пытанне задаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў каардынатар грамадзянскай кампаніі Ігар Случак. Кожны з іх атрымаў адпаведны ліст:

– Пакрыху прыходзяць адказы дэпутатаў. Прыкладна дваццаць дэпутатаў адказалі станоўча на мае прапановы, і хочацца спадзявацца, што гэта нейкі знак пра тое, што ўсё ж такі ў Закон аб абароне правоў спажыўцоў будуць унесеныя змены пра тое, што інфармацыя пра тавары павінна даводзіцца на дзьвух дзяржаўных мовах.

Праблема ўзнікла пасля таго, як  чальцоў Мытнага саюза абавязалі маркіраваць свае тавары па-руску. Пасля гэтага беларускія вытворцы масава пачалі ігнараваць першую дзяржаўную мову краіны і абмяжоўвацца толькі расейскамоўнай інфармацыяй.

Ігар Случак лічыць, што патрабаванне маркіраваць тавары па-беларуску павінна быць прапісана ў адпаведным законе.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org