У 2017 у Беларусі настане канец эпохі GSM-сувязі?



Канец эпохі GSM-сувязі ў Беларусі можа настаць ужо ў 2017 годзе. Развіццё тэхналогіі UMTS-900 забяспечыць практычна поўнае 3G-пакрыццё тэрыторыі краіны і стымулюе хуткі рост ліку ўладальнікаў смартфонаў. Сетка сувязі другога пакалення хоць і працягне працу, але адыдзе на другі план. Такі прагноз зрабіў тэхнічны дырэктар velcom Крысціян Лаке, гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

смартфон

Паводле ацэнак аператара, змена пакаленняў мабільнай сувязі можа заняць у Беларусі каля двух гадоў. „Гісторыя GSM у Беларусі налічвае больш за 17 гадоў, але ў найбліжэйшыя два-тры гады яе могуць канчаткова выцесніць тэхналогіі трэцяга пакалення. Спрыяюць гэтаму два ключавых фактары: пашырэнне пакрыцця 3G-сеткі, даступнасць шырокапалоснага мабільнага інтэрнэту і рост колькасці сучасных мабільных прылад. Апошнія два гады абаненты масава „мігруюць” з GSM на 3G, што патрабуе ад аператара яшчэ большых намаганняў па развіцці стандартаў UMTS”, — растлумачыў тэхдырэктар velcom.

Цяпер больш за палову (2,5 млн.) абанентаў velcom валодаюць смартфонамі, планшэтамі і ноўтбукамі з падтрымкай UMTS-900. Да канца 2017 года іх доля можа дасягнуць 70-80%, што і адзначыць канец эпохі GSM і паставіць пытанне аб далейшым развіцці гэтай тэхналогіі. Абодва стандарты выкарыстоўваюць адзін і той жа дыяпазон (900 Мгц), аднак ёмістасць базавай станцыі ў UMTS-900 удвая вышэйшая, чым у GSM-900.

У той жа час аператар velcom працягне падтрымліваць стандарт GSM, пакуль у сетцы будуць абаненты, якія яго выкарыстоўваюць. „Трэба ўлічваць інтарэсы таго сегмента аўдыторыі, якому дастаткова звычайнага мабільнага тэлефона і галасавога трафіку. Але гэта факт: попыт упэўнена ссоўваецца ў бок дата-трафіку і сэрвісаў, заснаваных на магчымасцях 3G-сеткі”, — зазначыў Крысціян Лаке.

Аператар velcom плануе да канца года забяспечыць высакахуткасным мабільным інтэрнэтам 97% тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, заўважна падвысіцца якасць прыёму ўнутры памяшканняў: у месцах шчыльнай гарадской забудовы, на цокальных паверхах, у размешчаных у нізіне будынках і г.д. Першы этап абнаўлення 3G-сеткі закране Менск, Дзяржынск і буйныя магістралі Берасцейскай і Гомельскай абласцей.

belapan.by