У абноўленай класіфікацыі крэдытных рызыкаў Беларусь засталася ў горшай групе краін



У абноўленай класіфікацыі краінавых крэдытных рызыкаў, якую апублікавала Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), Беларусь засталася ў сёмай (горшай) групе краін. Між тым перавод у іншую групу мае для краіны вялікае значэнне, сцвярджаюць эксперты.

У абноўленай класіфікацыі некаторыя дзяржавы былі пераведзеныя ў больш высокую групу, што сведчыць пра зніжэнне іх крэдытных рызыкаў. Так, напрыклад, Аргенціна пераведзеная з сёмай групы ў шостую. З горшай групы краін у шостую пераведзена таксама заходнеафрыканская дзяржава Тога.

Варта зазначыць, што пытанне пра перавод Беларусі ў групу краін з больш нізкім узроўнем краінавых крэдытных рызыкаў абмяркоўвалася ў час візіту беларускай урадавай дэлегацыі на чале з першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім у Вашынгтон у першай дэкадзе кастрычніка.

У кастрычніку кіраўніцтва Нацбанка двойчы заяўляла пра тое, што па ўзроўні крэдытных рызыкаў Беларусь (па класіфікацыі АЭСР) адпавядае пятай ці шостай групе краін і аднясенне Беларусі да сёмай групы дзяржаў не з’яўляецца адэкватнай ацэнкай ўзроўню краінавых рызыкаў.

Між тым крыніцы ў фінансавых колах паведамілі, што замежныя экспартныя агенцтвы, якія ўдзельнічаюць у фінансаванні беларускіх праектаў, ужо працуюць у шэрагу выпадкаў з рэзідэнтамі Беларусі на спецыяльных умовах. „Некаторыя замежныя экспартныя агенцтвы ўжо прынялі рашэнне падаваць рэзідэнтам Беларусі фінансавыя ўмовы лепшыя, чым па стандартах АЭСР, якая адносіць нашу краіну да сёмай групы рызыкаў”, — паведаміў БелаПАН эксперт у фінансавых колах.

Пры гэтым ён адзначыў, што перавод Беларусі ў іншую групу дзяржаў па класіфікацыі АЭСР вельмі важны для краіны. „Перавод Беларусі ў іншую групу краін па ўзроўні краінавых рызыкаў адназначна прывядзе да таго, што ў цэлым кошт рэсурсаў, што прыцягваюцца з-за мяжы, стане меншым, а аб’ёмы рэсурсаў большымі”, — зазначыў эксперт.

АЭСР — міжнародная эканамічная арганізацыя развітых краін, якія прызнаюць прынцыпы прадстаўнічай дэмакратыі і свабоднай рынкавай эканомікі. Створаная ў 1948 годзе. Членамі АЭСР цяпер з’яўляюцца 35 дзяржаў, у тым ліку большасць краін Еўрасаюза. На правах асобнага члена ў рабоце арганізацыі таксама ўдзельнічае Еўракамісія. На долю дзяржаў — членаў АЭСР прыпадае каля 60% сусветнага ВУП.

БелаПАН