У Гародні бракуе працоўных вакансій



Гарадзенскі гарадскі цэнтр занятасці насельніцтва не ў стане забяспечыць беспрацоўных горада кваліфікаванай працай.

centar_zaniatasci_3

Адсутнасць вакансій тлумачыцца нежаданнем прадпрыемстваў абласнога цэнтра набіраць на працу работнікаў – на многіх заводах і фабрыках пад выглядам аптымізацыі адбываюцца скарачэнні і пераход на трох і чатырох дзённы рэжым працы. На адну працоўную вакансію ў гарадзенскім цэнтры знятасці насельніцтва прэтэндуе больш трох чалавек:

– Нічога не прапануюць, нават дворніка не могуць прапанаваць, якая можа быць спецыяльнасць, пра што тут можна казаць.

– Пасля прыняцця дэкрэта пра дармаедства працу знайсці больш складана. Цяпер сітуацыя ўскладнілася ў разы. Нават на сайтах па пошуку працы, калі колькасць вакансій у прынцыпе засталася такой жа, то колькасць шукальнікаў у разы павялічылася.

– За 50 цяжка знайсці працу, бо яшчэ 40-45 можа быць, 50 і вышэй ужо няма дзе. Можа быць недзе вартаўніком нейкім, але па спецыяльнасці ўжо цяжка будзе ўладкавацца.

Адзіная прапанова цэнтра занятасці насельніцтва для беспрацоўных – сезонная праца ў калгасах і саўгасах рэгіёна. Штодзённая аплата складае ад ста да двухсот тысяч рублёў, але абмежаваная колькасць прапановаў не ратуе гараджан ад беспрацоўя, якое набывае масавы характар.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня