У краіне – холдынгаманія



Эканаміст Сяргей Чалы выказаў сваё меркаванне з нагоды планаў па стварэнні ў Беларусі алкагольнага холдынга.

У Беларусі вырашана стварыць алкагольны холдынг, які аб’яднае буйных вытворцаў спіртнога. Доля дзяржавы ў ім складзе 100%. Пра гэта заявіў старшыня канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Аляксандр Забела.

У холдынг плануюць уключыць прадпрыемствы з дзяржаўнай доляй уласнасці, якія сумарна забяспечваюць да 65% унутранага рынку моцнага алкаголю. Спачатку галаўной арганізацыяй будзе ААТ “Мінск Крышталь”, але потым ёсць намер стварыць спецыяльную кантралюючую кампанію, не прывязаную да нейкага канкрэтнага прадпрыемства. Як абвешчана, робіцца гэта з мэтай знізіць унутраную канкурэнцыю паміж вытворцамі, зменшыць выдаткі на рэалізацыю прадукцыі і аптымізаваць таварны партфель вытворцаў для прасоўвання алкаголю на рынках.

Сяргей Чалы: Шчыра кажучы, крыху не разумею, навошта ствараюцца гэтыя холдынгі. У апошні час у краіне пайшла нейкая холдынгаманія, іх ужо пад сто створана, але ў тых галінах, дзе яны з’яўляліся, асабліва нічога лепшага не стала ў параўнанні з тым, што было. Хутчэй за ўсё – гэта такая імітацыя пераўтварэння ўласнасці.

РР: Навошта ствараецца алкагольны холдынг?

Сяргей Чалы: Ідэя мела б сэнс у выпадку, калі б у галіне былі пытанні, звязаныя з перакрыжаваным субсідзіраваннем. Проста для таго, каб не вырашаць гэтыя пытанні, яны хаваліся ў адну адзіную справаздачнасць. Аднак жа ў гэтай сітуацыі зусім не так – гарэлачная прадукцыя абсалютна ліквідная. Так што я не бачу вялікага сэнсу ў стварэнні алкагольнага холдынга. Хіба што такія рэчы могуць суправаджацца апытмізацыяй структуры і колькасці ўпраўленчага апарату ды стварэннем адзінай стратэгіі прасоўвання прадукцыі на знешніх рынках. Можа быць, з гэтым звязана. У апошні час, дарэчы, грамадскае меркаванне рыхтавалі да гэтага, бо былі заявы, што шмат алкагольнай прадукцыі плыве ў Беларусь з Расеі.

РР: Некаторыя мяркуюць, што дзяржава хоча ўзяць пад поўны кантроль прыбытковую алкагольную галіну…

Сяргей Чалы: Безумоўна, хоча, так заўсёды было. Але гэта можна было рабіць і без стварэння холдынга. У нас заўсёды ёсць мноства адносна сумленных спосабаў пераўтварэння прыватных прадпрыемстваў у дзяржаўныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bdg.by