У Мазыры будаўнікоў прымушаюць прасіць пра зніжэнне заробку



Крызіс змушае да вынаходлівасці. Дзесьці скарачаюць працоўны тыдзень, а ў Мазыры загадалі скараціць заробкі.

Мазырскае кіраванне механізацыі №58 – частка адкрытага акцыянернага таварыства «Палессебуд». Работнікі КМ-58 у жніўні атрымалі на подпіс апавяшчэнне пра добраахвотнае змяншэнне заробку, паведамляе «Белсат».

Дзеляцца работнікі КМ-58 «Палессебуд»:

Навошта падпісалі (смяецца)? Усе падпісвалі і я падпісаў!

– Чытай, не будзеш падпісваць – будзеш звольнены і ўсё.

Працоўныя КМ-58 адзначаюць, што нязгодных з памяншэннем заробку ўжо звольнілі з верасня.

«У нашым падраздзяленнi было пяць чалавек, засталося два. Працоўных вельмі мала, па некалькіх спецыяльнасцях. Матарыст у нас і Шыннік і… карацей куды пашлюць. Так і ўсё. Усе дзіркі затыкаюць і ўсё», – кажа на ўмовах ананімнасці супрацоўнік «Палессебуда».

Дрэнна з працай і ў іншых структурах «Палессебуда».

«Мы ж дзяржаўная кампанія. Нам дзяржава дае працу, мы працуем – у людзей ёсць заробак. Я ж сам не знайду гэтую працу, мне яе даюць – я працую. Ёсць аб’екты, ёсць аб’ёмы – людзі маюць заробак. Няма аб’ёмаў – няма працы», – тлумачыць начальнік участка Мазырскай ПМК-105 Мікалай Рацюк.

Заявы пра добраахвотнае памяншэнне заробку на подпіс супрацоўнікам КМ-58 выдавала старшая інспектарка кадраў Людміла Дзегцярэнка.

Праўда, ні дырэктара на рабочым месцы не было, ні ў кабінет да спадарыні Людмілы – старшыні прафсаюзнага камітэта прадпрыемства – журналісты, вярнуўшыся, не патрапілі. Дзверы былі зачынены. Праваабаронцы адзначаюць, што афіцыйныя прафсаюзы ў тым выглядзе, у якім існуюць сёння, не могуць дапамагчы працоўным, бо праблема – у заканадаўстве.

«Ранейшае працоўнае заканадаўства было больш на баку рабочага. Сённяшняе цалкам пабудавана пад патрэбы наймальнікаў», – распавядае праваабаронца Леанід Судаленка.

Таму ў сённяшніх умовах кожны работнік сам павінен вызначаць, наколькі важна яму захаваць працу са скарочаным заробкам, а таксама ацэньваць, ці знойдзе ён іншае месца ва ўмовах татальнага беспрацоўя.