У Менску адкрылася Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі



8-я Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі Milex пачала сваю працу ў Менску 20 мая. Цырымонія адкрыцця адбылася на адной з дзвюх выставачных пляцовак — на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1.

Прывітанне гасцям і ўдзельнікам выставы накіраваў Аляксандр Лукашэнка. «Сёння айчынны ваенна-прамысловы комплекс — важны сектар эканомікі, — адзначыў ён. — Milex-2017 дае ўнікальную магчымасць шырокай грамадскасці і спецыялістам азнаёміцца з лепшымі ўзорамі прадукцыі нашых узбраенняў. Найноўшыя тэхналогіі беларускай абаронкі спрыяюць павышэнню яе экспартных магчымасцяў на сусветным рынку ўзбраенняў».

Выступаючы на адкрыцці выставы, прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў адзначыў, што сёлета ў працы Milex удзельнічаюць замежныя дэлегацыі высокага ўзроўню, эксперты і спецыялісты ў галіне ўзбраення, прадстаўнікі навуковых колаў больш чым 30 дзяржаў. Самыя прадстаўнічыя дэлегацыі — з Расеі і Кітая. Упершыню ў форуме бяруць удзел кампаніі з Германіі і Славакіі.

«Мы пастараемся стварыць для нашых традыцыйных і патэнцыйных партнёраў самыя спрыяльныя ўмовы для дэталёвага азнаямлення з магчымасцямі Беларусі ў сферы высокатэхналагічнай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння — сказаў прэм’ер-міністр. — Сёння айчынны абаронна-прамысловы комплекс, у якім працуюць вопытныя інжынеры і высокакваліфікаваныя спецыялісты, стварае сучасныя і шмат у чым унікальныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі».

У Milex-2017 бяруць удзел каля 150 кампаній з сямі дзяржаў — Беларусі, Германіі, Кітая, Казахстана, Расіі, Славакіі і Украіны. Мерапрыемства наведаюць больш за 50 афіцыйных дэлегацый з 30 краін, як традыцыйных партнёраў, так і патэнцыйных дзяржаў — заказчыкаў беларускай вайсковай тэхнікі і ўзбраення.

Экспазіцыя займае каля 7.000 кв. м закрытай і 12.000 кв. м адкрытай плошчы і перавышае паказчыкі 2014 года амаль у 1,4 разу.

Экспанаваць прадукцыю будуць амаль 80 беларускіх прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. Свае навукова-тэхнічныя распрацоўкі прадставяць арганізацыі і навучальныя ўстановы Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У аснове выставачнай экспазіцыі арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Дзяржкамваенпрама, а гэта больш за 300 натурных і макетных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі (УВСТ), — каля 30% складаюць прынцыпова новыя (інавацыйныя) узоры прадукцыі ваеннага прызначэння, якія запатрабаваныя на міжнародных зброевых рынках і дэманструюць магчымасці айчыннага абароннага сектара эканомікі.

Арганізатары выставы пазіцыянуюць узоры УВСТ у рамках комплексных сістэмных праектаў і кірункаў распрацовак сістэм узбраення, здольных арганічна ўпісвацца ў новыя канцэпцыі вядзення ўзброенай барацьбы. Гэта сістэмы агнявога паражэння; сродкі рухомасці сістэм узбраення; баявыя авіяцыйныя комплексы ваеннага і грамадзянскага прызначэння; баявыя геаінфармацыйныя сістэмы; сістэмы комплекснага супрацьдзеяння высокадакладнай зброі.

Усяго арганізацыі, якія ўваходзяць у сістэму Дзяржкамваенпрама, упершыню на выставе прадставяць каля 90 узораў УВСТ.

Адным з галоўных складальнікаў выставы стане і яе дзелавая праграма.

Пройдуць пасяджэнні Дзелавога савета пры Міждзяржаўнай камісіі па ваенна-эканамічным супрацоўніцтве АДКБ і Каардынацыйнага савета ўпаўнаважаных органаў дзяржаў — членаў АДКБ па пытаннях рэкламна-выставачнай дзейнасці, якія запланаваны на 21 і 22 мая.

Часткай выставы з’яўляецца міжнародная навуковая канферэнцыя па ваенна-тэхнічных праблемах, якую ў гэтым годзе плануецца правесці ў фармаце секцыйных пасяджэнняў. У іх плануюць прыняць удзел каля 400 прадстаўнікоў навуковых устаноў, навукова-вытворчых аб’яднанняў і канструктарскіх бюро, кіраўнікі, навукоўцы і спецыялісты з Беларусі, Расіі і КНР.

Правядзенне гэтага міжнароднага форуму дасць магчымасць вызначыць шляхі развіцця навукаёмістых вытворчасцяў, павышэння навукова-тэхнічнага патэнцыялу Беларусі, а таксама выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні ваенна-тэхнічнага і навуковага супрацоўніцтва, вызначыць механізмы інтэграцыі і кааперацыі з краінамі блізкага і далёкага замежжа.

БелаПАН