У продаж паступілі першыя беларускія прэзерватывы



У Беларусі ўпершыню паступілі ў продаж айчынныя прэзерватывы.

 

На сайце вытворцы адзначаецца, што „прадукт захоўвае адчувальнасць і вастрыню сэксуальных перажыванняў”, а сучасны стыль і дызайн упакоўкі „працуе на імідж” пакупніка. Пры гэтым беларускія прэзерватывы таннейшыя, чым іх вядомыя ў свеце канкурэнты.

Выпускам прэзерватываў пад брэндам Indigo займаецца кампанія „Фармін”, якая ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых дыстрыб’ютараў лекаў у Беларусі. Вырабляюць прэзерватывы на заводзе ў Малайзіі.

„На гэтым жа прадпрыемстве выпускаюць прэзерватывы і для іншых буйных сусветных кампаній, — тлумачыць брэнд-менеджар ТДА „Фармін” Андрэй Плюшчэня. — Мы задавалі віды і параметры прадукту. Але гандлёвы знак належыць нам, то бок гэта беларускі брэнд. Па факце мы атрымліваем з Малайзіі стужку з прэзерватывамі. Фасуецца прадукт у Беларусі. Тут жа распрацоўваецца і друкуецца ўпакоўка”.

Паводле слоў суразмоўцы, кампанія вырашыла заняць нішу на рынку, бо да гэтага вытворчасцю прэзерватываў у Беларусі ніхто не займаўся. „Акрамя таго, мы ўжо выпускалі медыцынскія пальчаткі”, — удакладняе Плюшчэня.

Лінейка прэзерватываў Indigo ўяўляе сабой пяць відаў прадукту: класічныя, працяглага дзеяння, адчувальныя, мікс задавальнення і фруктовы мікс. Як зазначае вытворца, у кожнай упакоўцы fruit mix усе смакі адразу (банан, апельсін, вішня, клубніцы, яблык), а ў mix fun — усе структурныя паверхні (з рэбрамі і кропкамі, толькі з рэбрамі, толькі з кропкамі).

„Мы разлічваем, што такая нестандартная форма, а таксама прывабная ўпакоўка зацікавяць пакупнікоў, — адзначыў брэнд-менеджар кампаніі. — Да таго як прэзерватывы паступілі ў продаж, мы давалі іх на пробу сябрам і знаёмым. Водгукі станоўчыя: па якасці наш прадукт не саступае сусветным брэндам, а каштуе танней — знаходзіцца ў сярэдняй цэнавай катэгорыі”.

Прэзерватывы прадаюцца ў аптэках і некаторых буйных гандлёвых сетках. Упакоўка з 5 штук каштуе каля 3 рублёў, 15 штук — каля 9 рублёў, 30 штук — каля 13 рублёў.

belapan.by