У Віцебску з’явілася першая станцыя для зарадкі электрамабіляў



Віцебскае ААТ «Віцязь» выпусціла першыя беларускія станцыі для зарадкі электрамабіляў. Яны значна таннейшыя за імпартныя аналагі. Адна станцыя ўжо ўстаноўлена ў Віцебску і працуе ў тэставым рэжыме бясплатна для спажыўцоў.

Заказчыкам стварэння электразараднай станцыі выступіла Міністэрства прамысловасці Беларусі. Ад макета новаўвядзення да яго вырабу прайшло 1,5 года.

«Распрацоўваючы прататып, мы ўзялі лепшае з замежных аналагаў, – распавёў „Штодзённіку „кіраўнік сектара распрацоўкі ААТ«Віцязь» Тарас Клімчанка. – Аптымізавалі нашу станцыю і працэс падлучэння электрамабіля.

Для ўключэння дастаткова падлучыць кабель да аўтамабіля з аднаго боку і да станцыі – з другога, і трэба актываваць прыладу, а гэта можна зрабіць з дапамогай RFID-карты, SMS-паведамлення або мабільнай праграмы, якая ўсталёўваецца на АС Android.

Нашы станцыі з пераменным трохфазным токам – гэта найбольш распаўсюджаны варыянт у свеце. Час зарадкі электрамабіля складае каля 4 гадзін».

Беларускія зарадкі для электрамабіляў абсталяваны разеткай стандарту IEC62196 (Type 2), дзякуючы чаму можна зараджаць з іх дапамогай электрычныя аўто любых марак.

Пры гэтым станцыі шматфункцыянальныя: ёсць еўраразеткі і для зарадкі іншага электратранспарту, напрыклад, электравеласіпедаў ці электраскутараў.

«Кошт адной такой станцыі – каля 2 тысяч даляраў, – распавёў Тарас Клімчанка. – А замежныя аналагі (з такім жа наборам функцый) каштуюць у 3-4 разы даражэй».

Першая зарадка для электрамабіляў ужо ёсць у Віцебску на аўтастаянцы каля ААТ «Віцязь». Да канца года новаўвядзенне будзе бясплатным для спажыўцоў.

Кліентаў пакуль каля станцыі няшмат. Паводле ацэнак супрацоўнікаў прадпрыемства, у Віцебску ўсяго 5 электрамабіляў, а па ўсёй Беларусі іх 20-30. Аднак, як адзначае Тарас Клімчанка, у перспектыве колькасць электрамабіляў у нашай краіне будзе штогод павялічвацца на некалькі дзясяткаў.

І ў бліжэйшы час плануецца пастаўка электразарадных станцый ва ўсе рэгіёны Беларусі. Да канца года на прадпрыемстве плануюць выпусціць каля 10 станцый, у 2018 годзе – прыкладна 100.

Пры гэтым у наступным годзе на ААТ «Віцязь» маюць намер пачаць выпускаць электразарадныя станцыі хуткага тыпу: час зарадкі электрамабіляў на іх складае каля 30 хвілін, аднак яны больш складаныя ў вырабе і даражэйшыя па кошце. Кошт адной такой станцыі складзе каля 20 тысяч даляраў.